Турарбекава: «Вынік будзе такі самы, як і ва ўсім, да чаго дакранаецца Лукашэнка»

Што атрымаецца з ідэі правіцеля стварыць новую навучальную ўстанову. Прапаганда абвясціла яе «ўніверсітэтам будучыні», эксперты ў галіне адукацыі — ваенна-інжынерным інстытутам.

У Беларусі сёлета ўступная кампанія ў ВНУ прынесла шэраг непрыемных сюрпрызаў з недаборам абітурыентаў. Лукашэнка ж тым часам загаварыў пра стварэнне яшчэ адной навучальнай установы — Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій, якая нібыта мусіць даць штуршок да развіцця айчыннай эканомікі і забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт.

Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава, якая з’яўляецца сузаснавальніцай Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі (арганізацыя была створана ў выгнанні), падкрэсліла: адукацыя ёсць сферай, у якой ствараецца вялікая палітыка, стратэгія будучыні беларускага грамадства.

— Абмяркоўвалі мы і стварэнне новага інстытуту, — распавяла Роза Турарбекава ў эфіры Еўрарадыё. — Нягледзячы на высакапарную назву, кшталту «ўніверсітэт будучыні», «Акадэмія інтэлектуальных тэхналогій» — гэта прыдумка ваеннага часу. І ствараецца ён для таго, каб выпускаць кадры для ваенна-прамысловага комплексу.

Роза Турарбекава

Трэба было па-старому назваць і нікому мазгі не пудрыць — ваенна-інжынерным інстытутам. Бо цяперашняя назва не адпавядае насамрэч зместу навучальных праграм, прадметам, якія там будуць выкладаць.

Беларускія ўлады цікавіць абарона, навуковыя распрацоўкі і даследаванні ў гэтай сферы. Але ж Лукашэнка — чалавек, які наогул не разумее, для чаго існуе навука і як яна развіваецца, якія мусяць быць створаны спрыяльныя ўмовы. Бо мае да гэтай сферы вельмі ўскоснае дачыненне.

Ён хоча, каб навукоўцы былі кімсьці кшталту дойных кароў. Каб адразу выдавалі вынаходніцтвы, якія маглі б адразу вырашыць, напрыклад, пытанне з украінскімі БПЛА: пазбіваць іх ды ўсё, і каб надалей Беларусь ніхто не чапаў. Лукашэнка дбае выключна пра сваю бяспеку.

А тое, што дайсці да супрацьпаветраных сістэм, да якіх дадумваюцца ва Украіне — для гэтага патрэбны вялікі прыватны сектар, вялікая навуковая сфера, якая развіваецца як з гледзішча фундаментальнай, так і прыкладной навукі — да гэтага ён аніяк не можа дайсці.

Бо яму патрэбны толькі прыкладны аспект. Але без фундаментальнай навукі (гэта тое, што ёсць, скажам, у БДУ: фізіка, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, філасофія, філалогія), без яе адкрыццяў развіццё навукі наогул — немагчымае.

Прыкладныя навукі бліжэй да жыцця, бліжэй да вынаходніцтваў, вынікамі якіх мы карыстаемся. Але ж развіваюцца яны як «дзеці» фундаментальнай навукі, а не самі па сабе. Апроч таго, фундаментальная навука патрэбная, каб гадаваць новае пакаленне навукоўцаў, якія разумеюць рэчы ад глабальных да прыватных.

Таму тыя, хто ўкладаецца ў развіццё фундаментальнай навукі, у рэшце рэшт заўжды будуць наперадзе планеты ўсёй па адкрыццях і распрацоўках. Бо практычныя распрацоўкі, якім «прыкладныя» навукоўцы дапамагаюць выйсці ў жыццё, не могуць існаваць без адкрыццяў.

Калі палітыкі, вялікія бізнесоўцы спрабуюць проста скарыстаць навуку і разважаць пра яе вульгарна — вось і атрымліваецца, даруйце за неэкспертную лексіку, такая фігня, як «Акадэмія чагосьці там», а па сутнасці, набор інжынерных спецыяльнасцяў, якія цікавыя ўладам.

Таму абмяркоўваць чарговую дзяржзамову на стварэнне чароўнай лавачкі — акадэміі інтэлектуальных тэхналогій — выбачайце, што гэта за звер такі? Нават універсітэтам гэтую навучальную ўстанову назваць нельга. А вынік будзе такі самы, як і ва ўсім, да чаго дакранаецца Лукашэнка.

Чым далей ён будзе знаходзіцца ад гэтай установы — тым больш верагодна, што ўсё-ткі будзе нейкі поспех. Альбо хаця б вынік.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(73)