Общество

«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»

Яўген Сіманенкаў выйшаў з дому выпіць з гасцямі са Смаленска, а апрытомнеў ужо ў расійскай арміі. І так абышліся не толькі з ім. Перад тым як ісці ў мясны штурм, мужчына гаварыў з беларускай следчай і, імаверна, наўмысна здаўся ў палон, каб трапіць дадому. Падрабязнасці расказвае Наша Ніва.

Яўген Сіманенкаў

Раней «Наша Ніва» расказвала, што Аксана Анціпенка з Лёзна шукае свайго сужыцеля — Яўгена Сіманенкава, — які трапіў у расійскія штурмавікі пры нечаканых абставінах.

— Прыехалі двое армян са Смаленска да знаёмага, паклікалі нашага выпіць, той выйшаў — і больш не прыйшоў! Прымусам вывезлі і прадалі ў вайсковую часць у штурмавікі! Карткі забралі і карысталіся ягонымі грашыма, — абуралася яна ў інтэрнэце.

Неўзабаве пасля публікацыі стала вядома, што Сіманенкаў жывы і ўжо ў Расіі — ён трапіў пад абмен украінскім і расійскім бокам.

Калі Сіманенкаў вернецца ў Беларусь, невядома — кантракт з расійскім войскам то ў яго падпісаны. Але ўжо становяцца вядомыя іншыя падрабязнасці гэтай гісторыі, якая аформілася ў крымінальную справу супраць тых самых вярбоўшчыкаў.

Аказалася, што Яўген Сіманенкаў — не адзіная ахвяра жыхароў Смаленска Нікола і Ашота Алексанянаў.

Сваякі новаспечаных расійскіх вайскоўцаў лічаць, што чалавек, які падказваў армянам асобы мясцовых алкаголікаў, гэта Мікола Парынкін з Лёзна. Пры гэтым ён, лічаць у гарадку, сам не моцна наварыўся.

— Ён і Сашу Лазукова падставіў! За бутэльку гарэлкі армянам здаў! — кажуць лёзненцы.

Аляксандр Лазукоў — 45‑гадовы ўраджэнец Лёзненскага раёна з трыма судзімасцямі. У тым ліку, як вынікае з базы Belpol, і за палавое злачынства.

Аляксандр Лазукоў. Скрыншот відэа

А Мікола Парынкін — жывёлавод суседняй гаспадаркі. Яго ў свой час судзілі за тое, што разам з сабутэльнікамі пасярод белага дня ўжыў гвалт да суседа, каб трапіць да таго ў дом і скрасці нешта.

Мікола Парынкін. Фота: Аднакласнікі

На гэты момант Парынкін на волі.

— Ідзе толькі як сведка. Даў паказанні, што Алексанян папрасіў яго знайсці людзей для работы на будоўлі ў Расіі. І ён чуў толькі, што Алексаняны прапаноўвалі Яўгену [Сіманенкаву] паехаць на будоўлю, на што Жэня пагадзіўся — але толькі калі выйдзе з запою! А яго ўсё роўна павезлі! Што пацвярджаецца запісамі камер на мяжы і іншым! — расказваюць пра сітуацыю абазнаныя.

Пры гэтым Лазукоў да фронта не даехаў, хаця кантракт падпісаў. Цяпер ён адседжваецца ў нейкай расійскай ваеннай часці і запісвае шматлікія відэа да жонкі і беларускага Мінабароны. Ён просіць дапамагчы яму вярнуцца ў Беларусь і разарваць кантракт з расійскім войскам.

А таксама ўдакладняе, што не бачыў, што падпісваў, і думаў, што едзе працаваць на вахту. І толькі ў ваенкамаце, маўляў, зразумеў, што гэта ніякая не вахта.

Таксама Лазукоў просіць завесці крымінальную справу на ўжо згаданага Парынкіна і нейкага Дзмітрыя Міхайлоўскага.

«Каханая, кахаю, ад цябе толькі цяпер усё залежыць…» — запісвае кружочкі ў тэлеграме Лазукоў.

Вяртаючыся да Сіманенкава, адметна, што той паспеў даць паказанні беларускай следчай па відэасувязі з мабільніка іншага салдата адразу напярэдадні выхаду на штурм. Следчая пераканала яго, што справа расследуецца.

Мяркуючы па гэтай інфармацыі, гэты беларус жадання ваяваць не меў. Магчыма, ён наўмысна здаўся ў палон.

— Як нам патлумачылі, калі б Алексаняны атрымалі выплаты і да адзінага рубля перадалі іх родным, то тады б іх не было за што судзіць. А так, відавочна, гэта вярбоўка: Яўгена завербавалі, каб Алексаняны карысталіся грашовымі сродкамі байца ў асабістых мэтах! Тут артыкулаў ад пяці год! — перакананая Аксана Анціпенка з Лёзна, якая спадзяецца пабачыць свайго сужыцеля жывым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)