Общество

У Вільні ад імя медыя прапаноўвалі грошы за здымкі «Чарнобыльскага шляху»

У Вільні невядомыя асобы, прадстаўляючыся супрацоўнікамі «Ходорковский LIVE», прапаноўвалі грошы за здымку акцыі «Чарнобыльскі шлях».

Пра гэта паведаміла сама рэдакцыя, атрымаўшы скрыншоты з Telegram-чата ўкраінцаў у Літве, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

26 красавіка ў Вільні павінна прайсці акцыя, прысвечаная 40-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Паводле перапіскі, карыстальнік пад нікам Neice Ley прапаноўваў «падпрацоўку»: прыйсці на мітынг, зрабіць некалькі кадраў і атрымаць за гэта 150 даляраў. Аплату абяцалі ў крыптавалюце. Пры гэтым аўтар паведамленняў называў сябе супрацоўнікам медыя.

У рэдакцыі «Ходорковский LIVE» падкрэслілі, што не маюць ніякага дачынення да гэтай рассылкі.

— Нашы супрацоўнікі заўсёды працуюць пад сваімі імёнамі і могуць пацвердзіць сваю асобу, — адзначылі тамтэйшыя медыйшчыкі. Яны дадалі, што пакуль невядома, хто стаіць за такімі паведамленнямі.

Гэта не першы падобны выпадак у Вільні. Раней «Радыё Свабода» апублікавала расследаванне пра аналагічную схему: украінскім студэнтам прапаноўвалі грошы нібыта за здымкі для «Новая газета. Европа». Пазней гэтыя відэа з тварамі ўдзельнікаў акцыі былі паказаныя на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі.

Адзін з удзельнікаў той гісторыі пацвердзіў журналістам, што сапраўды здымаў акцыю і атрымаў аплату ў крыптавалюце, не ведаючы, каму насамрэч перадае матэрыялы.

БАЖ нагадвае: падобныя прапановы могуць быць часткай правакацыйных схем. Юрысты раяць не давяраць паведамленням — як ананімным, так і падпісаным быццам бы імёнамі рэальных журналістаў, — і абавязкова правяраць інфармацыю праз афіцыйныя кантакты рэдакцый.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1(3)