Севярынец: «Ну ўсё, думаю, капец. Атруцілі, сволачы. Любуюцца, як канаю»

Палітык расказаў, як быў упэўнены, што памрэ на Акрэсціна, і пра ноч пасля «выбараў»2020-га.

— У ноч з 31 ліпеня на 1 жніўня 2020 года амаль адразу пасля адбою у мяне рэзка забалеў жывот і пачало ванітаваць, — піша Павел Севярынец.

Апоўначы здалося, што прыйшла смерць: такога дзікага болю і такой млосці, мабыць, за ўсё жыццё не прыгадаю. Дапоўз да дзвярэй, грукаўся, патрабаваў доктара. Да самай раніцы доктар не падыходзіў. Ніколі тую ноч не забуду.

Павел Севярынец

Ну ўсё, думаю, капец. Атруцілі, сволачы. Любуюцца, як канаю. Вось табе Пармская абіцель, смярдзючы закуток у падвале Акрэсціна. Так сабе смерць. За тыдзень да «выбараў». Гэта ж няма праблемы падмяшаць нешта ў пайку ці пітво. Малюся, ванітую, курчуся, зноў малюся, грукацца перастаў. Доктара ўжо не прасіў – мо таблеткай якой даб’юць, халера іх бяры.

Што гэта было – дагэтуль не ведаю.

Адляжаў, ванітуючы ды млеючы, два дні. Не еў, не піў. На трэці дзень дзверы адчыняюцца — пераводзяць.

Ну, думаю, трымайся. Калі спрабавалі ўгробіць — дык цяпер тады другая серыя.

Але ж вядуць на трэці паверх ізалятара. Адчыняюць кутавую камеру. Авой, а хата даверху заваленая скручанымі матрацамі. Вось, значыць, куды з усяго Акрэсціна «вату» пазапіхвалі! Усе камеры стаяць без матрацаў, а тут — склад.

І два пасажыры. Абодва на дэпартацыю. Адзін бангладэшац, быццам з-за кавіду прыехаў з Масквы без пашпарту і завіс у Менску на паўгода (у пандэмію такое бывала). Другі — тыпу рускі, які выказаўся супраць Пуціна і чакае дэпартацыю ў Расею (ну, тут ужо мяне ўсміхнула — на тэму Пуціна стукачы тым летам былі накручаныя).

Ну, думаю, труціць ці забіваць пры двух сведках, калі можна гэта зрабіць бяз сведкаў, глупа. У абед узяў пайку, паеў. Нармалёва. Выдыхнуў.

Абодва дэпартанты, нібы набобы, на нарах з трыма-чатырма матрасамі. Курорт! Але тут жа, уважліва аглядаючы матрацы, заўважыў вошай. Канечне, лета, «вата» з усяго ізалятара, адмысловы пітомнік. Але мне ўжо было ўсё адно. Лёг адсыпацца.

Раз на два дні да маіх стукачоў прыходзіла тыпу інспектарка з Дэпартаменту міграцыі (альбо апераддзелу), выводзіла ў калідор ці шапталася з імі ля кармушкі.

І некалькі дзён бангладэшац і «рускі», у якога я ўлавіў лёгкі магілёўскі акцэнт, спрабавалі пераканаць мяне «бросіть політіку», бо «батьку не взять». Ладна, думаю, таварышы, давайце дачакаемся 9 жніўня.

А 9 жніўня зранку бразгаюць ключамі:

— Севярынец, галасаваць!

— Самі галасуйце, — кажу. — Выбараў няма, бюлетэні падмяняеце.

Яны нават пакрыўдзіліся.

— Да нет, у нас же коміссія.

Знаем вашы камісіі, ды яшчэ на Акрэсціна.

Удзень у калідоры з’явіліся аўтаматчыкі. «Узмацненне».

А з горада яшчэ з абеду нарастаў нязвыклы гул машын. Аўтамабільныя сігналы. Роў грузавікоў. Відаць, народ масава раз’язджаў па горадзе ў чаканні вынікаў, а сілавікі ўводзілі калоны тэхнікі.

А ўвечары ўвесь Менск загуў. І, як пачало цямнець — трэск, як гукі далёкіх стрэлаў, выбухі, гул і свіст, быццам на стадыёне.

Пачалося.

З закратаванага акенца камеры быў відаць кавалачак двара і агністая далячынь Менску, адкуль неслася кананада, якая бывае пад Новы год. Толькі гэты разам няспынная.

Нават у турме было зразумела, што хваля пратэсту надмерная.

Малюся Богу і слухаю. Дрыжыкі па спіне.

А некалькі супрацоўнікаў Акрэсціна, паселі ў калідоры са сваімі рацыямі, уключылі гучную сувязь — і нам у камеры было добра чуваць каманды, шум і выбухі з месца падзей.

Якія каманды і што было потым — распавяду наступным разам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)