Пяць год без Вітольда Ашурка

21 мая адзначаецца Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

Вітольд Ашурак. Фота: Вольга Быкоўская

21 мая спаўняецца 5 год з дня гібелі актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка. Ён памёр у шклоўскай калоніі, куды яго накіравалі адбываць пяцігадовы тэрмін. Вітольду было 50 год.

Ашурка судзіў суддзя Максім Філатаў за зачыненымі дзвярыма па двух артыкулах: 364 «Гвалт ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Цела сваякам выдалі з перабінтаванай да носу галавой. Родныя дагэтуль збіраюць звесткі пра акалічнасці гібелі Вітольда ад людзей, што знаходзіліся з ім у калоніі, а не ад уладаў.

Напрыканцы 2021-га пра загінулага быў зняты фільм, дзе пра яго ўспаміналі родныя і сябры.

Пяты год 21 мая адзначаецца Дзень салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Ён быў запачаткаваны менавіта пасля смерці бярозаўскага актывіста.

Сёлета да Дня салідарнасці з палітвязнямі ўжо традыйна звярнулася да беларусаў і беларусак Святлана Ціханоўская.

У сваёй прамове лідарка падкрэсліла: за кожным іменем у спісе палітвязняў — чалавек, сям’я, страчанае здароўе, гады жыцця і боль чакання.

Таксама Ціханоўская нагадала пра ўмовы, праз якія праходзяць людзі ў няволі, і пра тое, што нават пасля вызвалення пераслед для многіх не заканчваецца:

У Беларусі не павінна быць ніводнага палітвязня. Ніводнага. За гэтыя гады мы амаль прызвычаіліся: сотні імёнаў у спісе палітзняволеных, штодзённыя затрыманні, звесткі пра катаванні — усё гэта стала нібыта новай нормай. Але гэта не норма. Гэта не мусіць быць нормай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)