Пашкевіч: «Украінцы, канешне, гросмайстарскі ход зрабілі ў зададзенай Пуціным гульні з фэйкавым перамір’ем»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч — пра ўкраінскі ход канём.

— Украінцы, канешне, гросмайстарскі ход зрабілі ў зададзенай Пуціным гульні з фэйкавым перамір’ем, — піша Аляксандр Пашкевіч. — Задумка Пуціна была відавочнай — забяспечыць сабе спакой падчас ідэалагічных мерапрыемстваў, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах перадусім Трампа, які павінен націснуць на Украіну.

Аляксандр Пашкевіч

У той жа час Украіну трэба было максімальна прынізіць, каб з ёй нават фармальна нічога не ўзгадняць. Пуцін сам вырашыў, што будзе «перамір’е» калі яму трэба, перацёр гэта з Трампам, ігнаруючы Зяленскага — і з задавальненнем збіраўся глядзець, як гэта схема выдатна будзе працаваць.

Але ўкраінскі ход канём гэту схему перакуліў. Украінцы практычна адразу пасля аб’яўлення расійскім Мінабароны даты «перамір’я» ідэю перахапілі і ўсталявалі свае правілы. Вы за мір? Ок, мы таксама, і яшчэ больш. Таму перамір’е пачнецца на два дні раней, мы яго аднабакова падаўжаем і спадзяёмся, што вы будзеце выконваць — гэтак жа сама як вы спадзяваліся, што мы будзем выконваць ваша.

А калі не будзеце, то што ж, значыць за такі вы і мір. У нас таксама тады няма ніякага рэзону далучацца да вашага перамір’я. І галоўнае — ёсць як патлумачыць гэта «міратворцу» Трампу.

І ў Пуціна, думаю, рэальна цяпер цяжкі выбар. Пагадзіцца на перамір’е з 6 мая — значыць аддаць ініцыятыву Зяленскаму, што для яго наўрад ці прымальна. Не пагадзіцца — значыць развітацца з надзеяй правесці прапагандысцкі дзень у спакоі. Галоўнае ж — што тэрмін, прызначаны Зяленскім, ранейшы за тэрмін, прызначаны Пуціным, таму не пагаджацца з перамір’ем і яго парушаць першым давядзецца менавіта Пуціну.

І таму нават Трампу будзе цяжка вярзці ахінею, што нібыта Пуцін хоча міру, а Зяленскі не хоча. Таму Пуціна яўна загналі ў цугцванг — калі добрых хадоў у гэтай сітуацыі для яго няма. Нават цікава, як будзе выблытвацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)