Общество

Губляем людзей і будучыню: выйшаў новы рэйтынг беларускіх гарадоў

Цэнтр новых ідэй прэзентаваў новы «Рэйтынг беларускіх гарадоў 2026» – маштабнае даследаванне 40 найбуйнейшых населеных пунктаў краіны. Гэта першае абнаўленне рэйтынга з 2022 года, і яго галоўная выснова гучыць выразна: беларускія гарады ўвайшлі ў фазу сістэмнага заняпаду. Пазітыўныя прыклады застаюцца, але яны, хутчэй, выключэнне, чым норма.

Фота: 34travel

Што змянілася цягам чатырох гадоў?

За перыяд 2022–2026 гадоў у беларускіх гарадах адбылося некалькі ключавых зрухаў.

Па-першае, істотна паглыбіўся падзел паміж заходнімі і ўсходнімі гарадамі. Гродна стала трэцім па велічыні горадам краіны, абагнаўшы Магілёў. Брэст умацаваў пазіцыі сярод лідараў. У той жа час Гомель апусціўся на 9-е месца ў агульным рэйтынгу, саступіўшы меншым, але больш дынамічным гарадам.

Па-другое, з’явіўся феномен Смалявіч. Горад паказаў рост насельніцтва больш як на 15% і стаў прыкладам новай для Беларусі з’явы – субурбанізацыі.

Па-трэцяе, прамысловыя гарады перасталі быць гарантамі стабільнасці. Калі Мазыр і Салігорск яшчэ трымаюцца ў топе, то Наваполацк, Светлагорск і Бабруйск страцілі пазіцыі праз санкцыі, звужэнне рынкаў і залежнасць ад адной галіны.

А гарады-спадарожнікі Мінска страцілі былую дынаміку. Маладзечна, Барысаў і Жодзіна больш не атрымліваюць аўтаматычных бонусаў ад блізкасці да сталіцы і апусціліся ў рэйтынгу.

Што не змянілася?

Нягледзячы на новыя тэндэнцыі, некаторыя рэчы застаюцца – і гэта таксама праблема.

Мінск па-ранейшаму недасягальны №1 – адзіны горад з моцнымі пазіцыямі ва ўсіх ключавых сферах.

Шэраг усходніх гарадоў – Горкі, Крычаў, Рагачоў – застаюцца ў пастаянным крызісе ўжо трэці рэйтынг запар. Яны губляюць насельніцтва, эканоміку і перспектывы. Гомель застаецца прыкладам “вялікага, але слабага” горада: нягледзячы на памер, ён не здольны канвертаваць свой патэнцыял у развіццё.

Гарады пачалі змяншацца

Галоўны сігнал рэйтынга – дэпапуляцыя. Цягам чатырох гадоў толькі 4 гарады з 40 паказалі рост насельніцтва: Мінск, Гродна, Брэст і Смалявічы. Усе астатнія губляюць жыхароў. У 15 гарадах страты за некалькі гадоў перавысілі 2%, а ў Асіповічах, Крычаве, Ваўкавыску, Светлагорску і Горках – больш за 3%.

Гэта радыкальны зрух. Раней беларускія гарады раслі за кошт унутранай міграцыі. Сёння гэты рэсурс вычэрпваецца, а эміграцыя і дэмаграфічны спад узмацняюць негатыўную дынаміку.

Старэнне і адток моладзі

Адначасова гарады хутка старэюць. У 15 з іх доля людзей, век якіх перавышае працаздольны ўзрост, вырасла больш як на 5 працэнтных пунктаў.

Моладзь з’язджае – у сталіцу або за мяжу. Прычыны вядомыя: адсутнасць працы, нізкія перспектывы, слабое культурнае асяроддзе. У выніку гарады губляюць не толькі насельніцтва, але і сваю будучыню.

Эканоміка: рост змяніўся на ўразлівасць

Беларуская гарадская эканоміка становіцца ўсё больш уразлівай.

Многія гарады застаюцца залежнымі ад аднаго-двух прадпрыемстваў або цэлых галін: нафтаперапрацоўкі, калійнай вытворчасці, металургіі. У мінулым гэта было рухавіком росту. Сёння гэта галоўная рызыка.

Санкцыі, змена рынкаў і агульная нестабільнасць прывялі да таго, што нават буйныя прамысловыя цэнтры губляюць пазіцыі. Гэта асабліва балюча б’е па гарадах, дзе лёс эканомікі фактычна вызначаецца станам аднаго завода.

У выніку многія гарады страчваюць кантроль над уласнай будучыняй.

Менш злачынстваў, але менш і лекараў

З пазітыўнага, у Беларусі працягваецца глабальны трэнд Big Crime Drop – у 11 гарадах узровень злачыннасці знізіўся больш як на 20%. Аднак застаюцца і “антылідары”: Асіповічы, Барысаў і Рэчыца.

Але з іншага боку, пагаршаецца сітуацыя ў сферы аховы здароўя. Больш як палова гарадоў страціла частку медыцынскага персаналу. Нават невялікае скарачэнне адсотка працаўнікоў азначае рост чэргаў і пагаршэнне доступу да медыцынскіх паслуг у рэальным жыцці.

Мясцовыя ўлады ў сацсетках: ад маўчання да «ТыкТока»

Упершыню рэйтынг бярэ пад увагу прысутнасць мясцовых уладаў у сацыяльных сетках. Вынік — вельмі стракатая карціна. З аднаго боку, частка гарадоў актыўна асвойвае новыя платформы, уключаючы «ТыкТок». З іншага — 7 гарадоў застаюцца цалкам «нябачнымі» ў лічбавай прасторы.

Падобная сітуацыя і з прадстаўніцтвам жанчын у мясцовых Саветах, дзе іх доля складае ад 18% да 63%. Выразнай сістэмнай логікі не назіраецца, што сведчыць пра адсутнасць адзінай палітыкі і залежнасць ад лакальных рашэнняў.

Пяць тыпаў беларускіх гарадоў

Фактычна Беларусь сёння – гэта пяць тыпаў рознага гарадскога досведу з рознымі траекторыямі будучыні.

Вітрына краіны – Мінск, Брэст, Гродна, Смалявічы. Гарады, дзе яшчэ захоўваецца баланс паміж развіццём і якасцю жыцця.

Гарады з рухавіком – Віцебск, Магілёў, Мазыр, Гомель, Салігорск, Кобрын, Ліда, Дзяржынск. Трымаюцца на адным фактары росту і таму ўразлівыя.

Беларуская стабільнасць – Пружаны, Пінск, Слуцк, Калінкавічы, Івацэвічы, Лунінец, Рэчыца, Мар’іна Горка, Полацк, Смаргонь, Бяроза, Орша, Баранавічы. Без рэзкіх правалаў, але і без выразнай будучыні.

Страчаная дынаміка – Жодзіна, Жлобін, Навагрудак, Слонім, Барысаў, Маладзечна, Наваполацк, Ваўкавыск, Светлагорск, Бабруйск. Гарады, якія страцілі былыя перавагі і шукаюць новы шлях.

Заняпад – Вілейка, Рагачоў, Асіповічы, Крычаў, Горкі. Тут устойлівы крызіс, адток насельніцтва і адсутнасць перспектыў.

Што гэта значыць для людзей

За лічбамі стаіць паўсядзённы досвед і выбар, які ўсё часцей даводзіцца рабіць беларусам: застацца або з’ехаць. Даўжэйшыя чэргі да лекара, менш магчымасцяў для працы, знікненне культурнага жыцця і дынамікі развіцця. Састарэлая інфраструктура, якую не паспяваюць рамантаваць. Гэтыя рэаліі беларускіх гарадоў фармуюць будучыню значна мацней, чым любыя статыстычныя паказнікі.

Гарады ў стане «ціхай дэпрэсіі»

Агульная карціна, якую паказвае рэйтынг, — гэта назапашванне негатыўных тэндэнцый без выразных механізмаў іх пераадолення.

Гарады губляюць людзей, эканоміка застаецца ўразлівай, інфраструктура старэе, а грамадскае жыццё звужаецца. Гэта стварае стан, які цяжка вымераць лічбамі, але лёгка адчуць, — стан «ціхай дэпрэсіі».

Без сістэмных зменаў гэтыя тэндэнцыі будуць толькі ўзмацняцца. І галоўнае пытанне, якое сёння стаіць перад беларускімі гарадамі: ці змогуць яны зноў стаць месцамі росту або канчаткова ператворацца ў прастору адтоку і страчаных магчымасцяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)