«Выйшла, што выдалі на Беларусь каля мільёна даляраў». Шляхі жыцця Янкі Запрудніка
Сёння спаўняецца 100 гадоў Янку Запрудніку — гісторыку, пісьменніку і грамадскаму дзеячу. Наша Ніва ўзгадвае пра выбітнага беларуса.
Янка Запруднік нарадзіўся 9 жніўня 1926 года ў старадаўнім Міры, у той час гэта былі заходнебеларускія землі ў складзе Польскай дзяржавы. Насамрэч пры нараджэнні ён зваўся Сяргей Вільчыцкі, а Запруднікам стане праз 20 гадоў.
У Міры Сяргей Вільчыцкі ў 1942 годзе скончыў школу. Каб не быць высланым на прымусовыя працы ў Нямеччыну, трэба было вучыцца далей. І юнак з сябрамі едзе ў прагімназію ў Баранавічы. Ягонымі настаўнікамі былі сыны Антона Луцкевіча — Лявон і Юрка.
Потым — гандлёвая школа (сённяшнімі словамі — эканамічна-фінансавы каледж), удзел у Саюзе беларускай моладзі. А ўлетку 1944 года ў няпоўныя 18 год эміграцыя з Беларусі.
У сваёй кнізе «Дванаццатка» Запруднік піша, што паспеў пакінуць кароткую запіску бацькам: «Дарагія мае, не ведаю, што будзе са мной, калі паеду на Захад, але ведаю, што будзе тут. Таму выязджаю, некалі вярнуся. Абдымаю. Моцна цалую».
Не пабачыліся. Бацька, Мікалай Вільчыцкі, быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію і хутка загінуў на фронце. Маці памерла ў 1981 годзе.
Па заканчэнні вайны, каб не падстаўляць бацькоў, мяняе сабе імя на Янка Запруднік і вяртаецца да адукацыі.
Хлопец скончыў у Баварыі славутую Беларускую гімназію імя Янкі Купалы, браў актыўны ўдзел у скаўцкім руху.
А ў 1948 годзе разам з 11 іншымі хлопцамі (ягоная знакамітая кніга «Дванаццатка» пра гэта) адправіўся ў Вялікабрытанію, дзе тры гады адпрацаваў у шахтах.
Там Запруднік далучаецца да актыўнага эміграцыйнага жыцця Але па сканчэнні працоўнага кантракту пераязджае ў Бельгію, дзе некалькі дзясяткаў беларускіх юнакоў атрымалі магчымасць вучыцца ў Лювенскім універсітэце.
Запруднік скончыў гістарычны факультэт і ўладкаваўся на толькі што створаную беларускую секцыю «Радыё Вызваленне» (сёння — «Радыё Свабода»). У Мюнхене (там да 1995 года была Радыё Свабода) Запруднік адпрацаваў тры гады, і прымае рашэнне пераехаць у ЗША — тагачасную кузню беларускага эміграцыйнага жыцця.
Пасля Другой сусветнай у ЗША пераехалі каля 30‑40 тысяч беларусаў. Яны былі нацыянальна свядомыя, яны стварылі дзясяткі беларускіх арганізацый, беларускія цэнтры і цэрквы ў Нью-Ёрку, Кліўлендзе, Чыкага, Саўт-Рыверы, Нью-Брансвіку. Дабраліся нават да Лос-Анджэлеса, Каларада і Фларыды.
Запруднік пасяліўся ў Нью-Ёрку, тут абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906‑-1917 гг.)» і атрымаў ступень доктара гісторыі. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага ўніверсітэта.
Паралельна працягнуў працу ў беларускай рэдакцыі радыё «Свабода», зноў далучыўся да беларускіх грамадскіх арганізацый, быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ), Беларуска-амерыканскага задзіночання, Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы ды інш. Быў шматгадовым сябрам Рады БНР, рэдагаваў розныя беларускія перыядычныя выданні.
У 1980‑-1995 гадах рэдагаваў галоўную газету эміграцыі ў Амерыцы — «Беларус». Напісаў некалькі кніг па гісторыі і культуры Беларусі.
Прыехаць у Беларусь змог толькі ў пачатку 1990-х.
Запруднік прыгадваў, як у Нью-Ёрк на Асамблею ААН у 1970‑я прыехаў пісьменнік і рэдактар часопіса «Нёман» Яўген Васілёнак. Ідучы ў рэстаран разам з Запруднікам і Вітаўтам Кіпелем, спытаў «Ці чулі вы пра эмігранта Вільчыцкага?..» Яго, маўляў, шукае маці, сумуе і плача.
Прозвішча, што праўда, было запісанае на паперцы. Запруднік знайшоўся: «Быў нейкі Вільчыцкі ў Нью-Ёрку, але выехаў». Васілёнак больш не пытаўся.
А з 1990‑х яго прыезды ў Беларусь сталі рэгулярныя. Янка Запруднік прыязджаў разам з жонкай Надзеяй. Удзельнічалі ў беларускіх імпрэзах, прэзентацыяй, фінансавала дапамагалі сваякам і проста незнаёмым людзям, давалі грошы на вучобы, уклаліся ў Івянецкую царкву.
Надзея Запруднік згадвала: «Мы мелі магчымасць, працавалі. Мы былі людзі, якія, як кажуць, giving away — якія аддаюць. Калі мой муж калісьці крыху падлічыў паміж намі (мы ж не хвалімся тым, што зрабілі), дык выйшла, што выдалі на Беларусь каля мільёна даляраў. Калі ехалі ў якую краіну, а тым больш у Беларусь, то заўсёды з дапамогай. Калісьці Янка кажа: «Ну, бяры ты дзесяць тысяч і я дзесяць тысяч, і раздаём». Вяртаемся дахаты».
У 2016 годзе 90‑гадовы Запруднік прыехаў на прэзентацыю сваёй кнігі ліставання. Набілася поўная зала Пушкінскай бібліятэкі. А потым з жонкай зладзілі традыцыйны тур па Беларусі.
Янка Запруднік вядомы і як паэт. Пісаў пад псеўданімам Сяргей Ясень. У 2017‑м выйшаў зборнік яго твораў «Берагу майго зарніцы: паэзія (1946—2017): дзённік (1949―1954)».
Ён памёр 26 мая 2022 года, пражыўшы 95 гадоў. Але да апошніх месяцаў захоўваў ясны розум, балюча рэагаваў на падзеі 2020 года і вымушаную эміграцыю соцень тысяч беларусаў.
Читайте еще
Избранное