​​​​​​​ «Пры папе ёсць людзі, якія цалкам шчыра лічаць Лукашэнку найлепшым «бацькам» для беларусаў»

Журналіст Дзмітрый Груневіч – пра сустрэчу Алеся Бяляцкага з Папай рымскім і палітыку Ватыка ў дачыненні да Беларусі.

– Алесь Бяляцкі перадаў Папу рымскаму ліст, у якім апісаў сітуацыю з правамі чалавека і свабодай веравызнання ў Беларусі. Але Ватыкан нават пальцам не варухне, каб нешта змянілася, – піша Гурневіч. – І адказвае за гэта зусім не Леў XIV і не наш нобелеўскі лаўрэат, а Агоста Казаролі, які памёр 27 гадоў таму.

Калі мы бачым «бяззубую» палітыку Святога Пасаду адносна дыктатарскіх рэжымаў у свеце, маўчанне пра палітвязняў ці нават захапленне дыктатарамі, як у выпадку былога нунцыя Гуджэроцці адносна Лукашэнкі, то памятайма, што ў гэтай палітыкі ёсць свой архітэктар — італьянскі кардынал Казаролі (1914 −1998).

Для кагосьці такая палітыка бяззубая і амаральная, а для Ватыкану яна аказалася вельмі эфектыўнай.

Казаролі быў папскім дыпламатам яшчэ з 1960-х, а пасля, пры Яне Паўле ІІ узначальваў Дзяржсакратарыят (1979-1990), то бок МЗС Ватыкану. Менавіта ён распрацаваў так званую ватыканскую «усходнюю палітыку». Імпульс да яе даў Павел VI, які быў рымскім папам ад 1963 па 1978 гады. Еўропу тады раздзяляла «жалезная заслона» і пантыфік паставіў задачу дамагчыся добрых умоваў для каталікоў на баку, які кантралявала Масква.

З гэтай мэтай ён адправіў у сталіцы сацлагеру Агоста Казаролі. У гэтай палітыцы не было нічога геніяльнага. Ватыкан прызнаваў кантроль камуністаў над Усходняй Еўропай, а Касцёл атрымліваў ад уладаў магчымасць дзейнічаць.

Сам папа, наведваючы ў верасні 1965 года рымскія катакомбы, дзе ад пераследу хаваліся першыя хрысціяне, сказаў:

«Святы Пасад устрымліваецца ад частых і рашучых пратэстаў і асуджэнняў не таму, што ігнаруе ці грэбуе існуючым станам рэчаў, а з хрысціянскай цярплівасці і каб не справакаваць большага зла».

Ніхто тады не ведаў, колькі будзе існаваць камунізм, але Ватыкан настройваўся на доўгія-доўгія гады. Казаролі вандраваў у Польшчу, Вугоршчыну, Чэхаславаччыну і дамаўляўся з камуністамі. І яму шмат што ўдалося. У 1964 годзё ён дамогся падпісання дамовы паміж вугорскім Касцёлам і мясцовымі камуністамі.

Праз гады шмат хто скажа і напіша, што гэта ператварыла каталіцкі Касцёл у Вугоршчыне ў філіял кампартыі.

Дзмітрый Гурневіч

Мы прызвычаіліся думаць, што калі Ян Павел ІІ стаў рымскім Папам, то пачаў барацьбу з камуністамі. Насамрэч, гэта менавіта ён зрабіў Казаролі кардыналам і сваім міністрам замежных справаў. І пры ім палітыка кампрамісаў з камуністамі дасягнула апагею.

Сутнасць была простай — як мага больш інтэнсіўныя кантакты з уладамі, каб пашыраць рэлігійную свабоду.

Казаролі планаваў свае дзеянні з перспектывай на дзесяткі гадоў. Іх тактыка заключалася ў дробных кроках, не разлічаных на імгненны эфект. Дамоўленасці заключаліся вусна, без непатрэбных папераў. Такі падыход Казаролі лічыў больш эфектыўным.

Ватыканская «усходняя палітыка» тых часоў грунтавалася на гнуткасці, гатоўнасці да кампрамісу, ветлівасці да камуністычных уладаў. А як яшчэ можна было дамагчыся рэстытуцыі маёмасці, канфіскаванай камуністамі і больш шырокіх правоў для Касцёла? Усе мы ведаем, колькі дывізій у Папы.

Эфект магла прыносіць толькі здзелка. Ці прыносіла такая дыпламатыя дыскамфорт Ватыкану? Бясспрэчна. Павел VI казаў Казаролі, што самацэнзура была для яго «пакутай». Калі камуністы ціснулі на іерархаў, здзекаваліся над Касцёлам, папа казаў свайму дарадцу: «Гэта немагчыма, я павінен нешта сказаць». І далей маўчаў.

Можа здавацца, што ватыканская палітыка кампрамісаў — гэта суперэфектыўная дыпламатыя. Кардынал Гуджэроцці наведаў Менск, абдымаўся з Лукашэнкам і праз пару дзён вызвалілі з турмы двух каталіцкіх святароў. Але сувязь тут не такая відавочная.

Каталіцкіх святароў выцягнулі з турмы, калі працэс перамоваў запусціў Джон Коўл, то бок Дональд Трамп. Гуджэроцці тут скарыстаўся атмасферай. Нешта падобнае мы бачылі, калі вызвалялі Анджэя Пачобута.

Польскія медыі трыюмфавалі, ого, якая бліскучая аперацыя польскіх спецлужбаў. Але яны толькі дамаўляліся пра дэталі абмену і забіралі Пачобута з мяжы. Але рэальную дамоўленасць, якая да гэтага прывяла, заключаў Коўл-Трамп.

Сённяшні Ватыкан працягвае палітыку Казаролі. І ніхто яе не збіраецца мяняць, бо і да канца незразумела, а якая ёсць альтэрнатыва. Дасылаць на спецаперацыі па абароне каталікоў у дыктатурах швейцарскую гвардыю?

Але ў выпадку Беларусі справу ўскладняе не толькі тое, што Святы Пасад гатовы ісці практычна на любыя кампрамісы з уладамі. (Нагадаю, у Ватыкане працуе беларускі пасол).

Пры папе ёсць людзі, якія цалкам шчыра лічаць Лукашэнку найлепшым «бацькам» для беларусаў. Кардынал Гуджэроцці кажа пра гэта адкрыта ў сваіх выступах і інтэрвію.

І выглядае, што гэта не «эфект Казаролі», а шчырае захапленне. Таму калі Павел VI яшчэ пакутаваў ад самацэнзуры і свайго маўчання на рэпрэсіі супраць каталікоў, то ў цяперашняга пантыфіка ёсць «драдцы», якія патлумачаць яму, што пачытаўшы ліст Бяляцкага, перажываць за Беларусь ня варта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(4)