Лявон Вольскі: «Цяжка прызнацца ў тым, што ўсё сваё дзяцінства-юнацтва ты выконваў пачварныя бязглуздыя рытуалы»

Чаму некаторыя людзі пераконваюць сябе, што пры Савецкім Саюзе выдатна жылося? Разважае Лявон Вольскі на Budzma.org.

Па-першае, у той гераічны час яны былі маладыя, прыгожыя, дзейсныя, энэргічныя, здатныя да розных авантураў ды прыгодаў. Яны езьдзілі аўтаспынам у Талін ці то Лісіную бухту, шабашылі на Поўначы, залазілі праз фортку ў інтэрнат, дзе балявалі да раніцы. А цяпер энэргіі хапае хіба на наведваньне лецішча і руцінныя працы на ім.

Па-другое, цяжка прызнаць, што ў тыя часы ты процьму часу выдаткоўваў на абсалютна не патрэбныя нікому рэчы — палітінфармацыі, школьныя лінейкі, камсамольскія сходы, марксызм-ленінізм... Ты зь дзяцінства завучваў вершыкі пра дзядулю Леніна і бяздумна дэклямаваў іх.

Ты глядзеў бязглуздыя фільмы пра таго ж Леніна ў Польшчы ці то чалавека са стрэльбаю, ці пра заводзкія будні (болей асабліва нічога не прапаноўвалі, толькі па сьвятах), слухаў прымітыўныя, але бадзёрыя і жыцьцесьцьвярджальныя ВІАшныя песьні пра «Сьнег кружыцца» ці то зямлю ў ілюмінатары... Вывучаў біяграфіі чырвоных камандзіраў і піянэраў-герояў.

Калі перакрэсьліць усё гэта, дык што застаецца ад дзяцінства ды юнацтва?

Летнія вакацыі ў вёсцы, дзе прыбіральня на вуліцы і вечна чорныя пазногці, дзе карычневыя дзядзькі паляць сьмярдзючыя папяросы і разам з шызым дымам выдыхаюць чарговую народную мудрасьць тыпу: «Той, хто курыць «Севярок», не падчэпіць трыпярок», дзе ты радуесься, калі ў мяйсцовай краме набыў засохлы, ня надта сьвежы коржык? Дзе бабуля задзейнічае цябе ў «палявых работах»?

Лепей хай ужо застануцца акцябраты (дарэчы, адпаведнага слова ў беларускай мове падабраць не ўдалося, накшталт украінскага «жовтенята», па-беларуску ўсе маніпуляцыі са словам «кастрычнік» выглядалі ня надта мілагучна — якіясьці «кастрычыняты» асацыяваліся зь іншым падобным, крыху карацейшым словам, таму давялося зьвярнуцца да трасянкі), піянэры і камсамольцы. Хай застанецца «Малая зямля», «Цаліна» і «Адраджэньне» — несьмяротная трылёгія Брэжнева, якую вывучалі на пазаклясным чытаньні.

Хай застанецца «дзядуля Ленін» — з хітраватай усьмешкай, у кепцы, бязь кепкі, у анфас, тры чвэрці і профіль, на плякатах, на ўзорах нагляднае агітацыі ў горадзе, у падручніках, на сьценах школьных кабінэтаў і клясаў, на камсамольскім білеце і на карцінах Савіцкага ў Палацы мастацтваў...

Хай усё гэта застанецца!

І мае аднаклясьнікі будуць працягваць віншаваць адно аднаго ў Viber зь Днём піянэрыі, Днём камсамольскай арганізацыі, Днём Савецкай Арміі, 8 Сакавіка, Днём Перамогі і іншымі савецкімі сьвятамі. А хтосьці павіншуе і зь Днём нараджэньня Леніна — 22 красавіка, бо якое ж савецкае дзяцінства-юнацтва безь яго?

Ён дагэтуль стаіць на п’едэстале каля дому ўраду ў Менску. Ён узвышаецца на сваіх пастамэнтах ледзьве ня ў кожным беларускім горадзе, мястэчку, аграгарадку. Ён паказвае рукою слушны шлях. Ці ссоўвае бровы ў нямым дакоры, маўляў, няправільнай дарогай ідзяце, таварышы!

Ён для слаўнага сваімі паганскімі традыцыямі народу зрабіўся стодам, каменным ёлупам — безь яго ўжо неяк нязвыкла, чагосьці не хапае, хай лепей будзе, можа, удачу прынясе?

І цяперашнія дзеці і юнакі, якія ня надта абазнаныя ў гісторыі ВКП(б), прызвычаіліся да гэтых помнікаў, фатаграфуюцца пад імі, прызначаюць сустрэчы...

А тыя, хто гадаваўся за савецкім часам, будуць звыкла настальгічна ўздыхаць: вось былі часы! Ня тое, што цяпер.

Бо надта ж цяжка прызнацца ў тым (і найперш сабе самому), што ўсё сваё дзяцінства-юнацтва ты выконваў пачварныя бязглуздыя рытуалы, не патрэбныя ні табе, ні іншым людзям, і цяпер на пытаньне «Навошта гэта ўсё было?» ты пачнеш блытана нэрвова мармытаць пра неабходнасьць патрыятычнага выхаваньня, пра тое, што ўсе так жылі, і так было прынята, і адчапіцеся ад мяне, няма на вас часу, трэба выпраўляцца на лецішча, там недабудаваная цяпліца стаіць, кліча да сябе!

З Народзінамі, Уладзімір Ільліч!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(13)