Пад канец тыдня Аляксандр Лукашэнка зладзіў чарговы выезд у палі — дакладней, на палігон. Правіцель пабываў пад Баранавічамі, каб, з аднаго боку, зарадзіць армію і сілавікоў абараняць кожны міліметр рожнай зямлі, а з другога — гучна запэўніць, што Беларусь не збіраецца ні на кога нападаць. Ну і так, па дробязях разабраўся ў міжнароднай палітыцы.
Як спалучаюцца супярэчлівыя заклікі «ўстрахнуць армію ажно да мабілізацыі» і дэманстратыўнае міралюбства, і на каго ў большай ступені былі разлічаныя сённяшнія заявы — ці на ўнутраную аўдыторыю, ці на Крэмль, на суседзяў альбо ЗША — «Филин» абмеркаваў з экспертам па бяспецы Аляксандрам Казаком.
— Мабілізацыі ў разуменні, што зграбаюць усіх і кідаюць на вайну, на дадзены момант у Беларусі не адбываецца. І тое, што адбудзецца ў бліжэйшы час — шансы мінімальныя. Таму казаць пра мабілізацыю ў звычайным, абывацельскім разуменні не тое каб дарэчна.
Міралюбныя заявы абсалютна не павінны мець моцнай сувязі з адсутнасцю падрыхтоўкі альбо паляпшэння свайго войска.
Адначасова Лукашэнка намагаецца прасоўваць міралюбімую рыторыку. Ён баіцца, што ўсё ж такі сітуацыя дойдзе да таго, што яму прыйдзецца ўдзельнічаць наўпрост у расійскай агрэсіі супраць Украіны — а ён гэтага не хоча.
І ў той жа час справы выглядаюць так, што трэба паляпшаць сваё войска. Бо не звяртаць увагу на тое, што адбываецца ва Украіне, у суседняй дзяржаве, не з’яўляецца магчымым.
Таму мы і бачым розныя рэакцыі: у выглядзе вучэнняў, заклікаў «давайце рабіць свае аўтаматы», давайце паляпшаць абароназдольнасць і гэтак далей.
Агулам, паляпшэнне «абаронкі» ў нашым рэгіёне стала не тое што нейкім трэндам — а нармальнай рэчаіснасцю.
— То, магчыма, абурэнне суседзямі, якія «бессаромна выдаткуюць мільярды» на ўзбраенне — гэта проста зайздрасць, што Беларусь не паспявае?
— Прыгадаем: а калі ў Лукашэнкі рыторыка была іншай? Нахабныя, агрэсіўныя выказванні — гэта цалкам упісваецца ў ягоную карціну свету і ягоны характар. Таму шукаць нейкага вялікага патаемнага сэнсу ў гэтых словаў я не стаў бы. Лепш успрымаць іх, як ёсць.
А заўтра ці праз пару дзён нельга выключаць, што гэтая рыторыка зменіцца ў процілеглы бок і ён выкажацца накшталт таго, якія палякі малайцы, дбаюць пра сваю бяспеку, павялічваюць «абаронку». Падобныя прэцэдэнты ўжо былі, калі спачатку Лушэнка крытыкаваў нешта, ствараў ісцерыкі, а неўзабаве вельмі хвалебна выказваўся.
— А тое, што ўсё гэта адбываецца напярэдадні анансаванага візіту спецпасланніка ЗША — як мяркуеце, супадзенне ці не?
— Тут акурат даволі цяжка сказаць. Напэўна, з гэтага для рэжыму Лукашэнкі можна было б атрымаць нейкія прэферэнцыі для сябе. Я думаю, пэўная ўвага звяртаецца на тое, каб рыторыку сфарміраваць у выгадны для рэжыму спосаб.
У інфармацыйнай палітыцы гэтай улады, з аднаго боку, даводзіцца і ісці на нейкія саступкі і кантакты з Масквой, ад якой рэжым моцна залежыць, з другога — не хочацца страціць амерыканскі трэк, з трэцяга — трэба балансаваць вельмі асцярожна, бо ад Украіны таксама ідуць недвузначныя заявы. Усё гэта складаецца да кучы.
Плюс і Польшча актыўна дзейнічае, уваходзіць, так бы мовіць, у гэтыя шахматы — прыкладам млжа быць спадар Пачобут і ягоны цяперашні прыезд у Гародню.
Прапятляць паміж кроплямі, праманеўраваць — улюбёная тактыка. І не толькі для Лукашэнкі, наогул у свеце палітыкі.Асабліва ў крызісныя моманты і асабліва калі гаворка ідзе пра ўстойлівасць уласнай улады.
Таму ён са скуры вылузваецца, каб хоць нешта атрымалася на гэтай ніве.