Политика

Карбалевіч: «У Беларусі мы маем таталітарную дзяржаву, але не таталітарнае грамадзтва»

Улады Беларусі забараняюць людзям зьбірацца разам для сумеснага сьвяткаваньня. Бо ў той сацыяльнай мадэлі, якая надалей фармуецца, любыя непадкантрольныя дзяржаўным органам сходы лічацца пагрозай, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Забароны пашыраюцца

У гэтыя выходныя ў Александрыі Шклоўскага раёну пампэзна і з размахам, з удзелам высокіх чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, прайшло сьвята Купальле. Гаварыліся ўзьнёслыя словы пра традыцыі беларусаў, якія варта шанаваць, адраджаць.

Лукашэнка ў сваім выступе назваў Купальле адным са слупоў нацыянальнай ідэнтычнасьці. «Купальле — адно з самых народных сьвятаў. Абрады, песьні, рамёствы — аснова нашага культурнага кода, ключ да разуменьня саміх сябе. Зьберагаючы іх, мы ўсьведамляем, што зьяўляемся ня проста людзьмі, якія жывуць на адной тэрыторыі, а народам, нацыяй», — казаў ён.

І прыкладна ў той жа час у вёсцы Лятохі Віцебскай вобласьці міліцыя забараніла праводзіць «Купальле». На дошцы абвестак зьявілася паведамленьне пра тое, што сьвяткаваньне адмяняецца праз забарону міліцыі. Там гаворыцца, што за правядзеньне мерапрыемства пагражае штраф 100 базавых велічыняў (4500 рублёў) і адміністрацыйны арышт на 15 сутак.

«Любога ўдзельніка могуць арыштаваць. Просім прабачэньня. P. S. Сьвяткуйце дома», — сказана ў паведамленьні.

Гэтыя дзьве падзеі шмат што кажуць пра сёньняшнюю Беларусь.

Пра яшчэ адзін выпадак з той жа сэрыі днямі зьявіўся допіс у сацыяльнай сетцы Threads. У Менску сілавікі затрымалі кампанію з 18 чалавек на пікніку ў парку. Ім патлумачылі, што на такі пікнік патрэбны дазвол уладаў. Маладзёнаў адвезьлі ў Першамайскі РУУС, забралі тэлефоны, прымусілі падпісаць нейкія паперы.

Таксама ў Беларусі адзін за адным адмяняюць фэстывалі, якія праводзяцца недзяржаўнымі структурамі (фэст Wostrau у Нясьвіжы, рок-фэстываль «Сонцастаяньне» у Пружанах і інш.). Апошні выпадак: упершыню за 16 гадоў адменены штогадовы фэстываль «Наш Грунвальд 2026» у Дудутках.

Непадкантрольныя акцыі лічацца пагрозай

У гісторыі з забаронамі фэстываляў можна ўбачыць камэрцыйныя інтарэсы праўладных арганізацый, якія выцясьняюць з рынку канкурэнтаў з прыватных структур. Тым ня менш паказальна, што забароны тычацца акцый, якія ніяк не зьвязаны з палітыкай. Праваабаронцы, кажуць, што калі такія тэндэнцыі будуць працягвацца, то хутка дазвол запатрабуецца, напрыклад, на вясельле, радзіны, памінкі і іншыя падобныя зборы людзей.

З чым зьвязаныя такія забароны? Найперш, траўма, атрыманая ўладамі ў 2020 годзе, працягвае балець. Маўляў, спачатку жыхары аднаго дома, самаарганізаваўшыся праз дваровыя чаты, гуртуюцца разам, каб папіць гарбаты, а потым пачнуць крытыкаваць Лукашэнку. Таму, калі людзі зьбіраюцца, каб папіць піва, то гэта ўжо падазрона.

У той сацыяльнай мадэлі, якую фармуюць улады, любыя, непадкантрольныя дзяржаўным органам сходы зьяўляюцца крамолай. Кантроль дзяржавы павінен быць татальным. Таму структуры грамадзянскай супольнасьці ў краіне зьнішчаныя. Любыя гарызантальныя сувязі ці праявы салідарнасьці (напрыклад, данаты) па-за кантролем уладаў ствараюць для іх пагрозу.

Курс на атамізацыю насельніцтва

Адначасова ў краіне праводзіцца шмат акцый, арганізаваных дзяржаўнымі інстытуцыямі. На іх у «добраахвотна-прымусовым парадку» зьбіраюць людзей, каб прадэманстраваць уяўнае адзінства ўлады і грамадзтва.

Навуковы аналіз прыроды таталітарных дзяржаў падводзіць да высновы, што ў такіх сыстэмах зьнікае грамадзтва, як самастойны суб’ект. Яно зьліваецца з уладай, ператвараецца ў адзінае цэлае. Італьянскі дыктатар Бэніта Мусаліні з сваім праграмным артыкуле «Дактрына фашызму» (1932 г.) так сфармуляваў сутнасьць гэтай сыстэмы: «Усё для дзяржавы, нічога супраць дзяржавы, нікога па-за дзяржавай».

Улады Беларусі сьвядома праводзяць курс на атамізацыю насельніцтва. Дзяржава імкнецца стаць адзіным суб’ектам, які зьвязвае беларусаў у соцыюм, супольнасьць, нацыю, этнас. Атамізаваны чалавек у вырашэньні любых праблем усе спадзяваньні ўскладае на дзяржаву. У такім грамадзтве ўлада — адзіная надзея і апора. Асабліва ў змрочныя часы крызісу, заняпаду, пагрозы вайны і інш.

Адзіны мэханізм гарызантальных сацыяльных сувязяў, які зьявіўся, дзякуючы інтэрнэту, — гэта сацыяльныя сеткі. У Расеі іх пачалі зьнішчыць, у Беларусі пакуль не чапаюць, абмежаваўшыся забаронай на наведаньне «экстрэмісцкіх» рэсурсаў.

Аднак у Беларусі мы маем таталітарную дзяржаву, але не таталітарнае грамадзтва. І поўнасьцю падпарадкаваць насельніцтва дзяржаве з дапамогай забаронаў наўрад ці атрымаецца. Бо маем сучаснае «смартфанізаванае» грамадзтва, якое жыве ў лічбавай сфэры. А рэсурсаў на стварэньне «сувэрэннага інтэрнэту» у існага рэжыму няма.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)