«Калі будзе шмат такіх сямейных дрэваў, можна будзе нават убачыць, адкуль паходзяць людзі, якія называюць сябе беларусамі»
Аляксандра (імя зменена) пачала цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і яшчэ ў падлеткавым узросце. З таго часу яна сабрала сямейнае дрэва на 150 чалавек. Беларуска распавяла «Салідарнасці», што даў ёй пошук каранёў і якія сямейныя гісторыі ёй асабліва запомніліся.
Гісторыя шостая: «Цяпер у маім дрэве 150 чалавек, я дайшла да пятага калена»
— Калі мне было 14-15 гадоў і я толькі пачынала карыстацца інтэрнэтам, выпадкова знайшла сайт MyHeritage. У той момант ён быў цалкам бясплатны — ніякіх падпісак, нічога. І я пачала ствараць сваё сямейнае дрэва — спачатку запісвала тых, каго ведала сама, а потым падключыла бацькоў і бабуль. Цяпер у маім дрэве 150 чалавек, я дайшла да пятага калена, — дзеліцца магіляўчанка Аляксандра. — Вельмі сумна, што ў мяне няма шмат магчымасцяў даведацца пра сябе і свае карані: шмат дакументаў згарэла ў гады вайны або згубілася ў СССР.
У мяне ёсць знаёмы з Нямеччыны, у якога дома захоўваюцца сямейныя кнігі з запісамі да восьмага калена, фотаздымкі, адрасы нараджэння, шафа з артэфактамі, якія дасталіся ад продкаў. У маёй сям’і, на жаль, такога няма. Але я разумею, што гэта не наша віна — справа ў тым, колькі ўсяго адбылося з нашай зямлёй.
Але ёсць рэчы, у якіх мне пашанцавала. Мая бабуля таксама цікавілася продкамі — прычым не толькі сваімі, але і продкамі свайго мужа, майго дзядулі. Ён сам нават не так цікавіўся сваімі каранямі, як яна.
Дык вось, у бабулі ёсць сшытак з дадзенымі пра нашых продкаў: імёны, прозвішчы, даты і месцы нараджэння, шлюбаў і г.д. Бабуля шмат чаго ведае, бо ў свой час вельмі добра ўмела падтрымліваць сувязь з людзьмі, была вельмі камунікабельная. Дзякуючы гэтаму я ведаю шмат фактаў пра сваіх продкаў. І ведаю, што магу знайсці ў сацсетках далёкіх сваякоў, напісаць ім, і яны будуць ведаць маю бабулю, але чамусьці яшчэ нікому так і не напісала.
Дзяўчына распавядае, што значная частка яе сваякоў паходзіць з Расіі. Дзядуля і бабуля нарадзіліся і выраслі там, але потым пераехалі ў Беларусь, з часам сталі асацыяваць сябе з беларусамі і нарадзілі дзяцей, якія таксама ідэнтыфікуюць сябе як беларусы. Іншая частка сваякоў — з Беларусі і Украіны.
— Бабуля распавядала, што ў 1994 годзе не хацела галасаваць за Зянона Пазняка, бо баялася жорсткай беларусізацыі. Хаця яна на той момант ужо шмат гадоў жыла ў Беларусі і называла сябе беларускай. Вось так дзіўна, але як ёсць.
А мая прабабуля нарадзілася ў Палтаве, у 16-17 гадоў застала Галадамор і пешшу дайшла да іншай часткі Савецкага Саюза. Таксама ў мяне ёсць сваякі з Марыупаля, Кіева, Львова. Калі была маленькая, мы часта ездзілі ва Украіну. А цяпер гэта немагчыма.
Дарэчы, сваякі па лініі дзядулі, якія засталіся ў Расіі, вельмі «ватныя». Яны нават посцілі такі кантэнт у сваіх сацсетках. Гэта, канешне, жах. Асабліва ўлічваючы, што па лініі таго ж дзядулі ёсць людзі, якія жывуць ва Украіне. Атрымліваецца, яны пакутуюць ад сваіх жа сваякоў, якія падтрымліваюць расійскую ўладу: губляюць дамы, вымушаныя пераязджаць у іншыя гарады. Як такое магчыма? Людзі наносяць шкоду сваім жа сваякам.
Мяне гэта вельмі злуе, я не разумею, як можна падтрымліваць вайну. Здавалася б, Другая сусветная вайна была не так даўно, памяць пра тыя падзеі захоўваецца — у нас нават ёсць загінулыя сваякі, — але сёння знаходзяцца людзі, якія жадаюць вайны і смерці іншым.
Са звычайных побытавых гісторый Аляксандры асабліва запомнілася адна:
— Маю прабабулю звалі Праскоўя, яна памерла за тры гады да майго нараджэння. Яе вельмі часта ўспаміналі і называлі «бабушка Паша». Памятаю, як спытала ў бацькі: чаму тваю бабушку звалі як хлопчыка? Па расказах, яна была вельмі добрая і адначасова строгая. Яна жыла і гадавала дзяцей у невялікім горадзе Быхаў. Мы часта прыязджалі ў гэты дом. Дзядуля распавядаў, дзе хадзіў на рыбалку, дзе яго маці гатавала дранікі, дзе яны елі. А ў міні-сарайчыку, дзе раней трымалі жывёл, захаваліся ўсе інструменты.
Дарэчы, дзядуля не дазваляў перабудоўваць гэты дом — хацеў, каб усё засталося такім, як у часы яго дзяцінства. У самім доме было шмат фотаздымкаў яго маці. І паколькі я часта бывала там, слухала гэтыя расказы, я ўспрымала бабушку Пашу як неад’емную частку нашай сям’і, адчувала з ёй сувязь, хаця і не ведала яе асабіста.
Гэты дом існуе і цяпер, але падоўгу знаходзіцца там небяспечна — пайшла цвіль. Усё ж такі дом трэба перабудоўваць.
Яшчэ адна цікавая гісторыя — пра тое, што ў майго дзядулі было два імені: афіцыйнае і неафіцыйнае. Я ведала, што дзядулю клічуць Віктар, а потым убачыла, што ў бацькавым пасведчанні аб нараджэнні імя па бацьку — «Вітальевіч». Здзівілася, спытала, як так атрымалася.
Аказалася, што дзед нарадзіўся ў год, калі пачалася Другая сусветная вайна, і праз нейкі час яго дакументы згубіліся. Потым, калі дакументы аднаўлялі, неяк так выйшла, што яго запісалі як Віталія, хаця ён сам усё жыццё называў сябе Віктарам.
Яшчэ адну сямейную гісторыю дапамог раскрыць якраз сэрвіс, дзе мы вядзём сваё дрэва. Калі запісвалі дадзеныя сваякоў, знайшлося супадзенне з архіўнымі дадзенымі. Пачалі глядзець — і аказалася, што адзін наш сваяк, які загінуў падчас вайны, пахаваны зусім не там, дзе мы думалі. А мы нават ездзілі на магілу, дзе, як потым аказалася, яго насамрэч няма...
Падчас пошукаў сваіх продкаў, па словах Аляксандры, яна зразумела адну важную рэч:
— Не трэба сварыцца са сваякамі. Нас аб’ядноўвае не толькі кроў, але і гісторыя. Мне б хацелася паглядзець нейкі фільм пра жыццё сваіх продкаў у XVII-XVIII стагоддзях. Ёсць людзі, якія ў XXI стагоддзі ведаюць, як жылі іх сваякі ў XVI-м. На жаль, у маёй сям’і гэтага няма. Але я цаню веды, якія ў мяне ёсць. І я б хацела перадаць гэтую памяць сваім будучым дзецям. І думку пра тое, што ведаць і памятаць пра сваіх продкаў вельмі важна. Нават калі адрозніваюцца погляды на нейкія падзеі, не трэба абрываць усе кантакты, бо трэба захоўваць памяць пра наш народ. Калі будзе шмат такіх сямейных дрэваў, можна будзе нават убачыць, адкуль паходзяць людзі, якія называюць сябе беларусамі.
Читайте еще
Избранное