Чаму дэмакратычныя сілы ўсё больш загразаюць ува ўнутраных канфліктах
Удзельная вага сварак і скандалаў вакол дробных пытаньняў у асяродку дэмакратычных сілаў расьце, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода. Прычыны гэтага працэсу шмат у чым зьвязаныя з самой прыродай палітычнай эміграцыі. Грамадзкая незапатрабаванасьць палітыкаў у замежжы спараджае расчараваньне.
У незалежных мэдыя, сацыяльных сетках і выступах блогераў усё больш месца пачало займаць высьвятленьне адносінаў паміж асобамі, групамі, рознымі СМІ. Удзельная вага сварак і скандалаў вакол дробных пытаньняў у камунікацыі дэмакратычных сілаў расьце. Тэматыка дыскусіяў драбнее, і гэтая тэндэнцыя ўзмацняецца.
Шмат для каго гэта стала непрыемнай нечаканасьцю. Аднак высьвятленьне адносінаў, скандалы і сваркі — звычайныя зьявы для палітычнай эміграцыі розных краін у любыя часы.
Прычыны гэтага працэсу шмат у чым зьвязаныя з самой прыродай палітычнай эміграцыі. Сучасная беларуская палітычная эміграцыя сфармавалася ў выніку масавых рэпрэсіяў на радзіме і палітычнага крызісу пасьля 2020 году.
Займацца паўнавартаснай палітычнай барацьбой (то бок змагацца за ўладу ці ўплываць на рэальныя працэсы ў сваёй краіне) гэтыя людзі могуць толькі ў вельмі абмежаванай ступені. Відавочных пазытыўных пэрспэктываў пакуль няма. А тэмпэрамэнт і амбіцыі засталіся. Таму тэматыка дыскусіяў драбнее.
Грамадзкая незапатрабаванасьць палітыкаў у эміграцыі спараджае фрустрацыю. Шмат хто з эмігрантаў меў завышаныя чаканьні і ўскладаў вялікія спадзевы на лідэраў, якія выйшлі на волю. Калі гэтыя чаканьні ня спраўдзіліся, прыйшло расчараваньне.
Самі лідэры таксама апынуліся ў новым сьвеце. У вязьніцы час спыняецца. Апынуўшыся на волі, яны трапілі ў іншую палітычную атмасфэру, у іншыя краіны. Стваралася ўражаньне, што і Сяргей Ціханоўскі, і Віктар Бабарыка спрабуюць ці то вярнуцца ў палітычны кантэкст 2020 году, ці то ўзнавіць тагачасную сытуацыю, калі іхныя вобразы дакладна траплялі ў фокус грамадзкіх настрояў.
Але пакуль узнавіць тую сытуацыю ім не ўдаецца.
Усё гэта накладваецца на псыхалягічныя асаблівасьці людзей у эміграцыі. Варта ўлічваць, што мы маем справу з траўмаванай супольнасьцю. Ідзецца ня толькі пра былых палітычных вязьняў.
Змушаная эміграцыя сама па сабе — траўматычная зьява. Тут і жыцьцёвая неўладкаванасьць на чужыне, і страта сацыяльнага статусу і сувязяў, і настальгія па радзіме і блізкіх.
У эміграцыйных асяродках назапашана шмат крыўдаў, прычым ня толькі на ўладу Беларусі. Нэгатыўная энэргія патрабуе выхаду. Да таго ж Аляксандар Лукашэнка далёка, а лідэры апазыцыі побач. Ёсьць спакуса вінаваціць менавіта іх у тым, што не ўдалося перамагчы дыктатуру.
Варта адзначыць, што ў 2020 годзе ў грамадзкае жыцьцё ўключылася вялікая колькасьць беларусаў без палітычнага досьведу. Зьявіліся новыя лідэры, якія мелі вельмі абмежаваны досьвед масавых камунікацыяў. Яны не пасьпелі сфармавацца як публічныя палітыкі, не зусім разумеюць, што для публічных палітыкаў межы прыватнасьці значна вузейшыя.
Яшчэ адзін чыньнік — невысокая культура дыскусіі. Але адкуль ёй узяцца, калі краіна мела вельмі кароткі пэрыяд дэмакратыі і рэальнай палітыкі, а цягам апошніх трох дзесяцігодзьдзяў улада і ўладар, дзяржаўная прапаганда дэманструюць самыя адыёзныя прыклады стаўленьня да апанэнтаў.
Зь іншага боку, недзяржаўныя СМІ, вымушаныя працаваць з-за мяжы, ва ўмовах браку рэальнага палітычнага жыцьця ўнутры Беларусі і вельмі абмежаваных магчымасьцяў яго асьвятляць, факусуюцца на дробязях.
У выніку пачынаюць дамінаваць дыскусіі вакол пытаньняў, грамадзкае значэньне якіх часта невялікае.
Праўныя мэханізмы для пераадоленьня такіх канфліктаў выкарыстоўваюцца рэдка. Магчыма, гэта зьвязана як зь недастатковым веданьнем законаў новых краін жыхарства, так і з бракам вартых даверу эміграцыйных інстытутаў і мэханізмаў вырашэньня спрэчак.
У выніку маем што маем. Падобна, пакуль не пачнуцца дэмакратычныя перамены ў самой Беларусі, чакаць моцнага зьніжэньня градусу ўзаемных абвінавачаньняў у палітычных эміграцыйных асяродках не выпадае. І аднымі заклікамі «давайце жыць дружна» гэтую праблему не разьвязаць.
Читайте еще
Избранное