Филин

Юлія Кот

«У Літве хапае лабістаў, якія прасоўваюць ідэю развіцця стасункаў з Мінскам. Аднак большасць санкцый была прынята на ўзроўні ЕС»

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч распавёў у каментары Филину, ці магчымы ў хуткім часе дыялог Беларусі і Літвы і як на пазіцыі палітыкаў уплываюць настроі ў літоўскім грамадстве.

Нядаўна спецпрадстаўнік ЗША Джон Коўл заклікаў Літву і Беларусь правесці двухбаковую палітычную сустрэчу і аднавіць транзіт калійных угнаенняў. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа агучыў, пры якіх абставінах магчыма распачаць дыялог — хаця б чатыры тыдні без гібрыдных атак на мяжы, без палётаў метэазондаў і з вяртаннем літоўскіх палітзняволеных у Літву. Беларускі МЗС яшчэ раней заявіў, што гутарка мусіць пачацца без папярэдніў умоў.

Ці можна ў гэтых варунках казаць пра сітуацыйны поспех рэжыму Лукашэнкі і пра тое, што дыялог пад ціскам амерыканцаў усё ж пачнецца? На думку дырэктара інстытута «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, усё не так проста.

— Мы не можам цяпер казаць пра нейкія поспехі, бо гэта толькі пачатак працэсу, — зазначае палітолаг у гутарцы з Филином. — Поспехі ж трэба ацэньваць, калі ўжо будуць заключаныя нейкія пагадненні.

Адзінае, што мы можам сказаць дакладна — сапраўды пачалася актыўнасць, пэўная дынаміка. Але ж як і шмат што іншае, што тычыцца адміністрацыі Дональда Трампа, гэта можа як прывесці да нейкіх вынікаў, так і не. Часцей вынікаў — доўгатэрміновых, надзейных — мы не маем. Таму высновы, на мой погляд, трэба рабіць вельмі асцярожна.

Відавочна, што беларускія ўлады спрабуюць выкарыстаць свой амерыканскі трэк для таго, каб вырашыць праблемы з ЕС, прынамсі на літоўскім накірунку. Але пакуль фактаў таго, што ў гэтым плане адбыліся істотныя змены, няма.

Тое, што адначасова з Беларусі працягваюць выпускаць літоўскія фуры, але і адбываецца пагаршэнне сітуацыі на мяжы, на думку Андрэя Казакевіча — спроба беларускіх уладаў пагуляцца ў трампісцкую стратэгію: весці перамовы і адначасова ціснуць на апанента, паказваючы сваю моц. Але ці спрацуе гэта ў дачыненні да Літвы — таксама вялікае пытанне.

— Тым не менш, пэўная змена пазіцыі Літвы ёсць. Калі раней мясцовыя палітыкі цвёрда казалі: ніякіх перамоў з рэжымам Лукашэнкі, ні аб чым, то цяпер некаторыя кажуць: а чаму б і не, калі гэта выгадна для Літвы.

Нядаўна «Палітычная сфера» прэзентавала вынікі даследавання «Беларусь і беларусы ў вачах жыхароў Літвы: вымярэнне сімпатыі і пагрозы», у якім сімпатыі і антыпатыі да беларусаў падзяліліся амаль пароўну. На ваш погляд, як настроі грамадства ўплываюць на пазіцыі палітыкаў, ці не пачнуць літоўцы прыспешваць свае ўлады, маўляў, давайце ўжо хутчэй нармалізуйце гандаль і ўсё астатняе?

— Зазначу, што літоўскі ўрад ніколі не праводзіў палітыку абсалютнай ізаляцыі. Усё-ткі гандаль працягваўся, існуе супрацоўніцтва па асобных праграмах, дый мяжа працавала ў абодва бакі. Таму нельга сказаць, што палітыка Літвы была абсалютна непрагматычнай.

Сёння пры ўладзе ў Літве знаходзіцца кааліцыя, якая мае значна больш мяккую пазіцыю датычна магчымага супрацоўніцтва з Беларуссю, датычна санкцыйнай палітыкі — таму для іх падобныя крокі выглядаюць больш натуральнымі.

Наша даследаванне паказвае, што за палітыку ізаляцыі і санкцыі супраць Мінска выступае толькі каля 30% насельніцтва Літвы. А вось каля 40% абралі варыянт — не развіваць стасункі на высокім узроўні, але падтрымліваць кантакты ў тых сферах, дзе існуе эканамічны інтарэс.

Таму цяперашнія крокі дакладна не выклічуць супраціву грамадства. Тым больш, у Літве хапае і лабістаў, якія прасоўваюць ідэю развіцця стасункаў з Мінскам, хапае кампаній і людзей, якія бачаць у гэтым эканамічныя магчымасці.

Праблемы калі і будуць, то яны будуць звязаныя хутчэй з тым, як пабудаваць хоць бы нейкі ўзровень даверу паміж бакамі, нейкую ўстойлівую схему, якая не была б разбураная праз месяц ці два і каб адбываўся рух да нармалізацыі.

І калі мы кажам пра санкцыі, тое, што найбольш цікавіць беларускія ўлады — трэба памятаць, што не ўсё тут залежыць ад Літвы. Бо абсалютная большасць санкцый была прынятая на ўзроўні ЕС, адпаведна, самастойна гэта пытанне Літвы вырашыць не можа.

— Паводле даследавання, стаўленне літоўцаў да Беларусі і беларусаў стрыманае — няма большасці ні ў негатыве, (36%), ні ў пазітыве (37,2%). А ці было ў адказах тое, што вас здізвіла?

— Насамрэч многае. Але калі вылучыць сцісла некалькі рэчаў — напрыклад, тэма, звязаная з гісторыяй, з «літвінізмам». У беларускіх медыя шмат пра гэта пісалі, як падавалася, шмат пісалі і ў Літве. А выявілася, што толькі траціна насельніцтва Літвы ўвогуле пра гэта ведае, а колькасць тых, хто лічыць гэта праблемай, яшчэ меншая.

Таксама мяне шчыра здзівіла, што бачна горшае стаўленне да беларусаў сярод людзей з вышэйшай адукацыяй і з высокім даходам, чым з боку так званых «простых людзей».

Звычайна ксенафобія, негатыўнае стаўленне да чужынцаў больш распаўсюджана сярод людзей з ніжэйшай адукацыяй, з малымі даходамі, якія жывуць у правінцыі. А ў Літве, прынамсі датычна беларусаў, усё цалкам наадварот. І таксама больш негатыўна настроеныя маладыя людзі.

Гэта, канешне, цалкам мяняе традыцыйную схему.

На думку даследчыка, чакаць, што стаўленне да беларусаў палепшыцца, сёння не выпадае — прынамсі да таго часу, пакуль не адбудзецца нармалізацыя ва ўсім рэгіёне. Пакуль што ў краінах-суседках многія лічаць Беларусь пагрозай, і большасць не прыглядаецца, пра якіх беларусаў ідзе гаворка, з якой палітычнай і грамадскай пазіцыяй. Гэты факт можа не падабацца — аднак улічваць нам яго трэба.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)