Як Лукашэнка рыхтуецца да вайны
Пасьля 2022-га ўлады Беларусі паступова рэфармавалі заканадаўства, яно цяпер дазваляе ім значна хутчэй правесьці мабілізацыю, а таксама спрашчае прызыў у войска салдатаў тэрміновай службы. Падрабязнасці ў публікацыі Радыё Свабода.
На нарадзе зь сілавікамі 6 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што ня мае намеру адпраўляць беларускае войска ва Ўкраіну для ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
Гэтыя заявы прагучалі на фоне чарговых чутак аб магчымым адкрытым уступленьні Беларусі ў вайну на баку Расеі ці аб пачатку баявых дзеяньняў ужо на беларускай тэрыторыі.
Лукашэнка гаворыць пра адсутнасьць жаданьня ўдзельнічаць у вайне ня першы раз. Аднак на практыцы ў краіне з 2022 году прынялі як мінімум сем новых законаў, якія значна спрасьцілі ўладам тэрміновы набор у войска або ўсеагульную мабілізацыю.
Радыё Свабода расказвае, як Лукашэнка з 2022 году рыхтуецца да ўдзелу ў вайне.
Кастрычнік 2022: Зьверка дадзеных рэзэрвістаў
Адным зь першых заканадаўчых крокаў, які можа сьведчыць аб намеры падрыхтаваць беларусаў да ўдзелу ў вайне, стала распараджэньне Лукашэнкі ад 21 кастрычніка 2022 году.
Яно датычыла так званых рэзэрвістаў, гэта значыць усіх грамадзян краіны, якія прайшлі тэрміновую вайсковую службу, атрымалі вайсковыя спэцыяльнасьці і былі дэмабілізаваныя, атрымаўшы вайсковыя білеты.
Зьверкай дадзеных займаліся вайсковыя камісарыяты. Да канца году іх супрацоўнікі абзвоньвалі вайсковаабавязаных беларусаў, даведваліся іх актуальныя дадзеныя ў афіцыйных месцах працы або запрашалі на гутаркі ў камісарыяты.
Вайскоўцаў цікавілі стан здароўя, актуальныя кантакты, атрыманыя спэцыяльнасьці, наяўнасьць правоў кіроўцы й іншыя патрэбныя на вайне навыкі.
Пры гэтым у афіцыйных паведамленьнях аб татальнай зьверцы дадзеных беларусаў, якія падлягаюць мабілізацыі ў войска ў выпадку вайны, падкрэсьлівалася, што ніякай мабілізацыі не плянуецца.
А ўся праверка зьвестак носіць выключна плянавы характар. Пры гэтым зьверка дадзеных 2022 году значна адрозьнівалася ад ранейшых.
Яна была тэрміновай — доўжылася ўсяго некалькі месяцаў, а замест традыцыйных папяровых позваў вайсковыя камісарыяты выклікалі беларусаў проста праз тэлефон ці нават з дапамогай СМС.
У выніку створана новая агульная электронная база, з дапамогаю якой Міністэрства абароны мае ацаніць, колькі грамадзян Беларусі можна хутка змабілізаваць у войска пры раптоўнай патрэбе.
Сьнежань 2022: Зьмены ў патрабаваньнях да стану здароўя прызыўнікоў
Навацыі распрацоўвалі сумесна Міністэрства абароны і Міністэрства аховы здароўя, іх прынялі цягам некалькіх месяцаў. Вынікам стала значнае зьніжэньне патрабаваньняў да стану здароўя навабранцаў.
Прыдатнымі для службы сталі тыя, хто раней такімі ня быў. Зьмены ўступілі ў сілу 18 студзеня 2023 году.
У армію сталі забіраць рэкрутаў з атлусьценьнем ІІ ступені (максымальную вагу прызыўніка павялічылі з 90 да 100 кіляграмаў), блізарукасьцю да ўзроўню –8 (было –6), гемароем (раней такім хворым прызначалася лячэньне), астмай, плоскаступнёвасьцю, схільнасьцю да вывіхаў суставаў (да 2022 году тры вывіхі за год давалі права на адтэрміноўку).
Допуск да тэрміновай службы з такімі хваробамі дазвалялі з пэўнымі агаворкамі. Скасавалі зь сьпісу праблемаў здароўя, маючы якія, раней можна было не служыць, і шэраг іншых, у тым ліку некаторыя хваробы сэрца.
Пры гэтым зьмены патрабаваньняў да здароўя, якія пачаліся ў канцы 2022 году, былі не апошнімі. Пазьней іх зноў карэктавалі, дазваляючы Міністэрству абароны прызываць у армію ўсё больш маладых беларусаў.
Травень 2023: Скасаваньне адтэрміноўкі ад службы тым, хто вучыцца за мяжой
Новаўвядзеньне зьявілася неўзабаве пасьля веснавога прызыву ў беларускую армію. Адтэрміноўку службы з прычыны вучобы за мяжой скасавалі.
Дагэтуль такія студэнты мелі аднолькавыя правы з навучэнцамі беларускіх навучальных установаў. Зь сярэдзіны траўня ад тэрміновай службы ў войску пачалі вызваляць толькі тых беларускіх студэнтаў, якія мелі мэтавыя накіраваньні на вучобу за мяжой ад дзяржаўных органаў.
Вынятак зрабілі для тых, хто пасьпеў паступіць на вочнае навучаньне за мяжой да падпісаньня зьменаў і на момант паступленьня ня меў 18 гадоў.
Новы закон увёў зьмены і для тых беларусаў, якія афіцыйна зьехалі за мяжу на пастаяннае месца жыхарства, аформіўшы адмысловы пашпарт сэрыі РР. Такіх грамадзянаў новы дакумэнт дазваляў цалкам здымаць з вайсковага ўліку ў Беларусі.
Жнівень 2023: Павелічэньне тэрмінаў абавязковых вайсковых збораў і ўдзел КДБ у іх арганізацыі
Тое, што ў побыце да 2022 году называлася «забралі ў партызаны» і часта было фармальнасьцю, якой беларусы маглі даволі лёгка пазьбегнуць, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне страціла фармальны характар.
У жніўні 2023 году ўрад Беларуcі павялічыў тэрмін абавязковых вайсковых збораў для рэзэрвістаў з 35 да 60 дзён, а забіраць на іх сталі ня толькі тых, хто пагаджаўся ісьці сам, але нават раней афіцыйна вызваленых ад удзелу ў зборах.
Запрашаць «у лес» на два месяцы сталі нават часткова непрыдатных да службы ў войску.
Яшчэ адной навіной стала раптоўнасьць збораў. Калі раней аб іх правядзеньні вайсковыя камісарыяты інфармавалі загадзя, то з канца лета 2023 году «забраць у партызаны» могуць зусім раптоўна і без папярэдніх позваў, выклікаўшы на месца збору з асабістымі рэчамі ўсяго за некалькі гадзінаў да адпраўкі на месцы дысьлякацыі.
Красавік 2024: Позвы праз СМС і рэзкае павелічэньне штрафаў за няяўку
Закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях запэўненьня нацыянальнай бясьпекі» Лукашэнка падпісаў 3 красавіка 2024-га. Закон уводзіў зьмены ў 12 іншых законаў, якія дзейнічалі ў Беларусі раней.
Датычылі зьмены і прызыву ў войска. Асноўнай навіной сталі позвы праз СМС-апавяшчэньні, якія камісарыяты могуць слаць проста на тэлефонны нумар прызыўніка.
Яны павінны дубляваць традыцыйныя папяровыя позвы, аднак калі раней няяўку на прызыў можна было патлумачыць неатрыманьнем ліста з вайсковага камісарыяту, то з пачатку красавіка 2024-га вайскоўцам дастаткова адправіць СМС на зарэгістраваны на прызыўніка тэлефонны нумар і зрабіць скрыншот адпраўленага паведамленьня.
Гэтага дастаткова, каб у судзе абвінаваціць чалавека ва ўхіленьні ад прызыву. Аб зьмене свайго тэлефоннага нумару прызыўнік абавязаны паінфармаваць камісарыят цягам тыдня.
Новы закон увёў і новыя штрафы за няяўку пасьля атрыманьня такога СМС. Яны вырасьлі адразу ў шэсьць разоў — з 5 базавых велічыняў да 30. Зараз гэта 1350 рублёў.
Кастрычнік 2025: Прызыў у войска «ўхілістаў»
Да сярэдзіны восені 2025 году ў Беларусі не забіралі на службу ў армію тых, каго абвінавачвалі ва ўхіленьні ад вайсковай службы або на момант правядзеньня прызыўной кампаніі падазравалі ў гэтым.
Такіх людзей судзілі, прызначалі пакараньне — ад штрафу да рэальнага тэрміну зьняволеньня, у залежнасьці ад абставінаў ухіленьня і канкрэтнага выпадку.
Зьмены ў заканадаўстве, прынятыя ў кастрычніку 2025 году, дазволілі спыняць перасьлед ухіліста, калі ён добраахвотна пагодзіцца замест суду адслужыць прызначаны яму тэрмін.
Красавік 2026: Абавязковы прызыў афіцэраў запасу
Указ аб ім падпісаў асабіста Лукашэнка. Датычыць такі прызыў найперш тых беларусаў, хто атрымаў афіцэрскія званьні праз так званыя вайсковыя катэдры ўнівэрсытэтаў і пасьля гэтага не служыў у войску.
Дакумэнт 2026-га не вызначае дакладнай колькасьці афіцэраў, якія маюць прайсьці тэрміновую службу. У ім гаворыцца толькі пра ўзрост (ня больш за 27 гадоў), указ не датычыць афіцэраў запасу, якія адслужылі ў рэзэрве.
У тэксьце ўказу не вызначаецца колькасьць такіх прызыўнікоў-афіцэраў. У дакумэнце пазначана, што яна прапісаная ў асобным дадатку з грыфам «для службовага карыстаньня».
Папярэдні падобны ўказ Лукашэнка падпісаў у дзень поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Украіну, калі ў армію тэрмінова прызвалі 150 афіцэраў запасу. Ранейшыя падобныя кампаніі закраналі каля сотні чалавек па ўсёй краіне.
На лета 2026 году асабовы склад беларускага войска складае каля 65 тысяч чалавек, зь якіх каля 50 тысяч — кадравыя вайскоўцы, рэшта — цывільныя спэцыялісты.
Яшчэ каля 55 тысяч чалавек у Беларусі служаць у іншых сілавых структурах — міліцыі, памежных і ўнутраных войсках.
Падчас прызыўных кампаніяў на тэрміновую службу набіраюць каля 10 тысяч чалавек, гэтыя лічбы застаюцца стабільнымі і пасьля лютага 2022 году. Тэрмін абавязковай службы пакуль таксама нязьменны — 12 месяцаў для салдатаў з вышэйшай адукацыяй і 18 для тых, хто мае толькі сярэднюю.
Афіцыйныя зьвесткі аб колькасьці рэзэрвістаў, якіх Мінабароны Беларусі можа прызваць у войска пры раптоўнай мабілізацыі, засакрэчаныя. Паводле ацэнак міжнародных дасьледчых арганізацыяў, такіх можа быць каля 365 тысяч чалавек. Лукашэнка вясной 2026-га заявіў, што ў выпадку вайны выкліча ў войска паўмільёна беларусаў.
Читайте еще
Избранное