Яны проста вінцікі, дэталі гэтай машыны, а мы для іх толькі праца. Як кавалак дрэва для механічнай пілы на пілараме. Адрознае стаўленне да нас выклікана проста іх рознымі функцыямі ў гэтай машыне падаўлення.
Статкевіч: «Калі вам даюць «слова афіцэра» – гарантавана падмануць. Хлусяць, як дыхаюць»
Палітык раіць не быць наіўнымі, камунікуючы з сілавікамі рэжыму.
– Зараз на волі апынуліся сотні палітвязняў, якія асвойваюцца ў новых ўмовах і часта дзеляцца перажытым у зняволенні, – піша былы палітвязень Мікола Статкевіч. – Некаторыя нават ужо лічаць сябе спецыялістамі па настроям у «праваахоўных» структурах. Напрыклад, якія з іх за што «топяць», якія добра сябе паводзяць, якія кепска.
Усе, хто прайшоў праз машыну падаўлення рэжыму, павінны зразумець, што яе вінцікі не добрыя і не кепскія да тых, хто ў яе патрапіў.
Хаця нязначныя персанальныя адрозненні таксама магчымыя, але яны, звычайна, знаходзяцца ў прыймальным для функцыянавання машыны дыяпазоне. Па іншаму зараз і быць не можа, бо ступень сапраўднай законнасці правячага рэжыму ўжо зразумелая нават самым недалёкім яго служкам.
То бок, усе яны разумеюць, каму служаць. Але ж служаць. Таму ў стасунках з «вінцікамі» ніколі не верце ніводнаму іх слову і абяцанням, бо ў вас з імі, калі вы на іншым баку, заўсёды супрацьлеглыя мэты.
Майце на ўвазе, што хлусіць вам сярод іх не лічыцца нечым ганебным – гэта проста звычайны там «прафесійны прыём». Таму ва ўсёй сістэме хлусяць, як дыхаюць. А калі, напрыклад, вам даюць «слова афіцэра», то можаце быць упэўненымі, што вас гарантавана падмануць.
Абяцаць нешта можа толькі ўнутрана вольны чалавек, а «вінцік» круціцца толькі ў загаданым накірунку і таму нават нешта абяцаць не мае ніякага маральнага права.
Дыскутаваць з ім, спрабаваць пераканаць яго ў нечым – марная трата часу. Зьменіцца сітуацыя і яны самі звернуцца да нас ды раскажуць, што яны ўжо даўно ўсё зразумелі і толькі чакалі зручнага моманту.
Цяпер наконт кепскіх і добрых «праваахоўных» структур. Усе яны зараз аднолькавыя, проста, метады ў іх розныя. Напрыклад, «кепскія» аператыўнікі ў калоніі працуюць у шчыльным кантакце з «добрымі» гэбістамі.
Дарэчы, асцерагайцеся любых нефармальных кантактаў з апошнімі, што актыўна выкарыстоўвалася да 2020 года. Бо тады наіўны грамадскі актывіст мог нават і не зразумець, што інтэлігентны маёр, які запрасіў папіць кавы ва ўтульнай кавярні і так уважліва слухае яго разважанні пра карыснасць ягонай грамадскай дзейнасьці для дзяржавы, насамрэч ужо фармулюе ў галаве даклад начальству на аснове гэтых разважанняў, які пачынаецца словамі: «По сообщению моего информатора N...».
Банальныя прыпіскі ніхто ж не адмяняў. А потым, апынуўшыся ў калоніі, ні сам актывіст, ні яго атачэнне не могуць зразумець, чаму на яго так насядаюць аператыўнікі. А тыя проста атрымалі ад гб дасье на гэтага актывіста, у якім напісана, што ён сексот. І злуюцца, чаго той не хоча працягваць сваё стукацтва ўжо для іх.
Зараз часы іншыя і траціцца на каву яны не будуць. Цяпер у іх іншыя метады. Ды й усе палітычныя «злачынствы» цяпер адбываюцца пераважна ў Сеціве, дзе і «выкрываюцца». Але гэта правіла – не стасавацца з «товарищами», альбо з суразмоўцамі, нібыта, са «службаў» іншых краін справядлівае і для Сеціва.
Калі што, ёсць магчымасць кантактаў у межах юрыдычных працэсуальных норм. Да прыкладу, я адмаўляюся ад любых відаў нават фармальнага стасавання са «службамі» тутэйшага рэжыму: дачы паказанняў, падпісання юрыдычных дакументаў, знаёмства са «справай», удзелу ў «судовых» працэсах і лічу такія паводзіны не толькі маральнымі, але і рацыянальнымі. Праўда, гэта мой персанальны падыход і раіць яго іншым я не наважуся.
Зрэшты, акрамя вядомага: «Не вер, не бойся, не прасі», яшчэ нічога лепшага для стасункаў з «вінцікамі» не прыдумана.
Читайте еще
Избранное