Усё вакол — спрэс па-расейску, але толькі хоць хтосьці рыпнуўся на тэму падтрыманьня беларушчыны — скандал, ату яго!
Вось вам і дзьве дзяржаўныя мовы. Вось вам і роўнасьць.
Зараз скажу фразу, якую ну дакладна чуў — і неаднойчы! — літаральна кожны беларускамоўны беларус у Беларусі.
А у нас два государственных языка!
І пляваць на тое, што тытульная мова, то-бок нацыянальная мова тытульнай нацыі — адна. Пляваць на тое, што роўнасьць абедзьвюх дзяржаўных моваў замацаваная ў Канстытуцыі.
Да плевать, говорите по-русски! У нас два государственных языка!
Хаця калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, то чаму менавіта па-расейску? Дайце мне адукацыю, чытацкі білет у бібліятэку, навіны на афіцыйных тэлеканалах, фільмы ў кінатэатрах і г. д. — па-беларуску!
У нас жа дзьве дзяржаўныя мовы, а не адна — расейская! Ці як?
Дзяржаўная двухмоўнасць стала інструментам расеізацыі беларусаў
Прыкрая дадзенасьць. Замацаваная на паперы дзяржаўная двухмоўнасць у жыцьці даўно сталася ў Беларусі адзінарасейскамоўнасьцю. Інструмэнтам для яшчэ хутчэйшай расеізацыі беларусаў і зьнішчэньня ўсяго свайго.
Як той казаў, пусьці казла ў агарод.
Ну, а дзе зьнікае мова, там зьнікае і гістарычная памяць. І вось ужо мы чуем, як па растаптаным матчыным кветніку топчуцца бязродныя манкурты: маўляў, «всё равно все говорят по-русски — зачем эта ваша мова?», «все говорят по-русски — это тоже наш родной язык», «беларусы говорят по-русски — так исторически сложилось».
А чего ты на беларуском? Говори нормально — по-русски!
Таксама знаёмы выраз, праўда?
І ўжо не працуюць ня толькі закон, які нібыта гарантуе роўнасьць для беларускай мовы («слушайте, иногда не до законов!»), але і элемэнтарная лёгіка. Да прыкладу, вось давайце палову школ зробім беларускамоўнымі — ну бо ў нас жа моўная роўнасьць, праўда?
Давайце надрукуем падручнікі па хіміі, матэматыцы, фізыцы таксама й па-беларуску — няхай будзе роўная магчымасьць і выбар, праўда? Давайце палову паседжаньняў розных там дэпутатаў і чыноўнікаў абавяжам весьці па-беларуску і г. д.
Ну лягічна ж, праўда?
Вось толькі да тае лёгікі і роўнасьці — як да Кіеву пешкі. Штораз адкульсьці з-пад плоту вылазіць якая-небудзь чарговая звар’яцелая «інфаказачка бондарава» і пачынае енчыць пра дыскрымінацыю… расейскае мовы: маўляў, вось у дзіцячым садку дзяцей навучылі слову «дзякуй», а ў нейкім бары ў Менску жартам прапанавалі зьніжку для беларускамоўных — каравул, прыціскаюць!
Усё вакол — спрэс па-расейску, але толькі хоць хтосьці рыпнуўся на тэму падтрыманьня беларушчыны — скандал, ату яго!
Вось вам і дзьве дзяржаўныя мовы. Вось вам і роўнасьць.
Канада — прыклад сапраўднага афіцыйнага двухмоўя
Апалягеты расейшчыны ў нашай краіне, якія зацята змагаюцца з тымі, хто выступае за статус адзінай дзяржаўнай беларускай мовы, таксама ківаюць у бок іншых краін: маўляў, а вось у Швайцарыі ці якой-небудзь Канадзе — таксама некалькі дзяржаўных моваў, таму і ў нас няхай гэтак будзе — пакіньма ўсё, як ёсьць!
Вось толькі, сказаўшы «а», чаму б не сказаць і «б»? Сапраўдная замацаваная на дзяржаўным узроўні шматмоўнасьць выглядае зусім інакш, чым у Беларусі.
Да прыкладу, згаданая Канада й сапраўды афіцыйна зьяўляецца двухмоўнай — англа-франкамоўнай — краінай. Гэткі статус замацаваны за правінцыяй Ню-Брансвік. А ў Квэбэку, у якім жыве каля чвэрці ўсіх канадцаў, для 80 адсоткаў зь якіх француская — родная, менавіта яна выступае ў якасьці адзінае афіцыйнае.
Як гэта працуе на практыцы? Вось вам зусім нядаўні прыклад. Генэральны дырэктар нацыянальнай авіякампаніі Air Canada Майкл Русо пакідае сваю пасаду ў выніку… моўнага скандалу, які выбухнуў пасьля трагедыі ў Новым Ёрку, дзе самалёт авіякампаніі быў сутыкнуўся з пажарнай машынай, у выніку чаго загінулі два пілёты.
Адзін з пілётаў быў франкамоўным жыхаром Квэбэку. Дый сама авіякампанія Air Canada месьціцца таксама ў гэтай франкамоўнай правінцыі. Між тым Майкл Русо, якога і раней былі папракалі за няведаньне францускае мовы, запісаў спачуваньні блізкім загінулых пілётаў… толькі па-ангельску!
Не ўратавалі сытуацыю нават франкамоўныя субтытры пад відэа. У справу ўмяшаўся нават прэм’ер-міністар Канады Марк Карні, які назваў адстаўку дарэчнай і падкрэсьліў, што новы кіраўнік нацыянальнай авіякампаніі абавязаны (!) валодаць і ангельскай, і францускай мовамі.
І аніякага «у нас два государственных языка! Говорите по-английски!», уявеце сабе! Таму што калі ў нейкай мовы ёсьць дзяржаўны статус, то дзяржава абавязаная гэты статус забясьпечваць. Абавязаная — і кропка!
Пакладзеце гэтую гісторыю на беларускую глебу — вось вам і розьніца паміж сапраўдным афіцыйным двухмоўем і той пародыяй на двухмоўе, якая ў нашай краіне даўно ператварылася ў расейскамоўнае «двуязычие».
Ну і апошняе. Насамрэч прыклад з Канадай паказвае нам ня толькі тое, якім мае быць сапраўднае афіцыйнае двухмоўе.
У адрозьненьне ад гэтае заакіянскае краіны, у Беларусі няма нейкіх небеларускіх рэгіёнаў, дзе кампактна жывуць пераважна небеларусы. Таму аніякага сэнсу для існаваньня дзяржаўнага двухмоўя ў нашай краіне няма.
Замест пошуку згоды паміж рознымі супольнасьцямі мы стаім зусім перад іншым выклікам — захаваць нацыянальную згоду паміж беларусамі, а таксама ўласна нашую нацыянальную тоеснасьць.
Ну, а каб застацца беларусамі, нам трэба трымацца свайго — беларускага. І найперш — нашае роднае мовы.
Читайте еще
Избранное