У апошнія гады, наадварот, ЕГУ ішоў на кампрамісы, каб не прыцягваць да сябе ўвагі, не быць чырвонай анучай для беларускіх уладаў. Нават пасля 2020 года займаў больш лаяльную, палітычна не ангажаваную пазіцыю. Але, як мы бачым, гэта не ўратавала.
Лаўрухін: «Нямала беларускага чынавенства, у каго дзеці атрымалі адукацыю ў ЕГУ і маюць універсітэцкія дыпломы»
Намеснік прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях адукацыі і навукі АПК Андрэй Лаўрухін пракаментаваў Филину прызнанне ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй».
Улады Беларусі ўсё ж прызналі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які знаходзіцца ў Вільні, «экстрэмісцкай арганізацыяй». Паводле пракуратуры РБ, адукацыйная ўстанова праводзіць мэтанакіраваную работу па дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне», а таксама «выкарыстоўваецца спецслужбамі некаторых суседніх дзяржаў для нанясення ўрону інтарэсам Беларусі ў палітычнай, гуманітарнай і інфармацыйнай сферах».
Паказальна, што заяву аб прызнанні ЕГУ «экстрэмісцкім» у верасні 2025 года падаў генпракурор Андрэй Швед — а канчатковае рашэнне сёлета вынес Вярхоўны Суд, які ўзначальвае цяпер той жа Швед. Яшчэ раней «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя сацсеткі ўніверсітэта.
Мабыць, падобны выпадак першы ў свеце. І гаворка ўжо не пра парушэнні акадэмічных свабод, але і небяспекі для фізічнай свабоды студэнтаў, выкладчыкаў, выпускнікоў — і не толькі іх. Яшчэ летась праваабаронцы папярэджвалі, што любыя кантакты с ЕГУ могуць быць крыміналізаваныя.
Якія наступствы і маштабы можа мець гэты крок уладаў, «Филин» абмеркаваў з намеснікам прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях адукацыі і навукі АПК Андрэем Лаўрухіным.
— Кола людзей, якія трапляюць пад пераслед, можа быць значна шырэйшым, — зазначае эксперт. — Таму што за вучобу дзяцей плацяць бацькі. І ў логіцы ўладаў, калі яны плацілі на рахункі «экстрэмісцкай арганізацыі», то фінансавалі экстрэмісцкую дзейнасць, і мусяць несці за гэта адказнасць.
Больш за тое, згадвае наш суразмоўца, беларускія пракуроры закідвалі ЕГУ і супрацоўніцтва з «тэрарыстычнымі арганізацыямі», а гэта цягне яшчэ больш важкія наступствы.
— Насамрэч, бацькі з’яўляюцца і найбольш уразлівымі ў гэтым сэнсе. Бо дзеці ўсё ж знаходзяцца ў ЕС, маюць віды на жыхарства і магчымасць не быць арыштаванымі — а бацькі, пераважна, у Беларусі. І яны стануць першай мэтай сілавых структур і іх карнай дзейнасці.
— Ці могуць адбыцца затрыманні на мяжы, альбо гучныя затрыманні ў Беларусі, каб і ў абітурыентаў адбіць ахвоту нават глядзець у бок ЕГУ?
— Так. Дарэчы, я чуў ад многіх калег і студэнтаў, а таксама праўнікаў, якія абараняюць студэнтаў, што ўжо летась пачаліся запужванні з боку КДБ і іншых структур. Яны тэлефанавалі студэнтам, пісалі праз чат-боты і мэсанджары пагрозы: калі працягнеце там навучацца, у вас будуць праблемы, і г.д.
Кампанія па дыскрэдытацыі ЕГУ была таксама праведзеная ў сацсетках. І фізічных аперацый па запалохванні таксама нельга выключаць, натуральна.
У гэтым сэнсе студэнтаў і бацькоў чакае выклік: трэба вырашаць, ці яны цалкам абрываюць сувязі з універсітэтам, ці ідуць на прынцыповы крок і фактычна абіраюць дарогу ў адзін канец. То бок, працягваюць навучацца, але вяртанне ў Беларусь і паездкі туды-сюды на выходныя і вакацыі — гэта ўжо стане немагчымым, і трэба выразна ўсвядоміць, што гэта небяспечна.
Прычым і для студэнтаў, і для некаторых выкладчыкаў, якія па старой памяці працягвалі ездзіць у краіну.
— Ці вялікія, на ваш погляд, рызыкі для выпускнікоў? Усё ж такі за больш як 30-гадовую гісторыю ЕГУ падрыхтаваў мноства дыпламаваных спецыялістаў. А мы ведаем, на жаль, што ў Беларусі закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму можа мець зваротную сілу і распаўсюджвацца на дзеянні, што былі да яго прыняцця. То наколькі небяспечна цяпер мець дыплом ЕГУ?
— У самой краіне — безумоўна, гэта будзе небяспечна, стане своеасаблівай «чорнай меткай». Сама меней, эмацыйны і псіхалагічны ціск на гэты конт будзе.
Рэч у тым, што нямала беларускага чынавенства, у каго дзеці атрымалі адукацыю ў ЕГУ і маюць універсітэцкія дыпломы. На мой погляд, гэта стала адным з фактараў, чаму так доўга прымалася гэтае рашэнне.
Наогул, ЕГУ з 2005 года знаходзіцца ў Літве. І толькі праз 20 год раптам аказалася, што гэта «экстрэмісцкая арганізацыя». Хоць раней ВНУ была яшчэ больш арыентаваная на грамадства і на выкананне місіі — падрыхтоўку будучай Беларусі.
З боку ж рэжыму Лукашэнкі, дадае эксперт, крок цалкам зразумелы
— Логіка ўсіх аўтарытарных, таталітарных рэжымаў — трымаць усіх сваіх грамадзян у жаху. Каб кожны грамадзянін ці грамадзянка адчувалі сябе злачынцам, па якім даўно ўжо турма плача, і толькі добрая воля людзей ва ўладзе стрымлівае ад таго, каб туды пасадзіць.
Наколькі пераслед будзе рэалізаваны ў масавым парадку, сказаць складана. Усё ж было падрыхтавана некалькі тысяч выпускнікоў, большасць з іх, сапраўды, вярнулася ў краіну.
Мяркую, наўрад ці адбудзецца масавы іх пераслед — хутчэй, як выключэнне. І хутчэй у форме запалохвання: памятайце ўсе, у каго ёсць такі дыплом, што вы ўразлівыя. І гэтыя людзі, асабліва ў каго гэта адзіны дыплом аб вышэйшай адукацыі, будуць закладнікамі рэжыму.
***
Асобнае пытанне, дадае Андрэй Лаўрухін, як будуць рэагаваць студэнты, якія зараз навучаюцца ў ЕГУ, як пройдзе набор у гэтым годзе:
— Напэўна, разглядаць паступленне будуць толькі вельмі мэтанакіраваныя людзі. Бо Літва не можа гарантаваць ВНЖ на ўвесь час, гэты статус працягваецца ці не працягваецца, альбо вы можаце атрымаць дрэнныя адзнакі ва ўніверсітэце, ці з грашыма нейкія складанасці… Усё гэта фактары рызыкі.
А з другога боку, гэта відавочны знак, што сітуацыя ўнутры Беларусі значна пагоршылася. У пераследзе грамадзянства і інструментах гэтага пераследу ўлады цяпер перакрочылі новую мяжу.
Інстытут, які пасля пераезду ў Літву працаваў 20 год і выконваў свае функцыі значна больш моцна і адкрыта, пазіцыянаваў сваю місію ў падтрымцы грамадзянскай супольнасці, прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцяў — увесь гэты час не зачынялі. А цяпер прызналі «экстрэмісцкім». Гэта істотны сігнал беларусам унутры краіны, што лепш не будзе, сітуацыя будзе толькі пагаршацца. І тады ЕГУ выступае адной з апошніх магчымасцяў прыехаць у ЕС і навучацца на легальных падставах.
Трэба адзначыць, што гэта чарговы выклік для адміністрацыі ЕГУ. Перад ёй паўстане шэраг нетрывіяльных адкрытых пытанняў. Колькі студэнтаў працягне навучацца ва ўніверсітэце? Ці будзе набор у гэтым годзе? Як забяспечыць бяспеку студэнтам і выкладчыкам ? Ці будзе ўвогуле існаваць ЕГУ і калі так, то ў якім выглядзе ?
Читайте еще
Избранное