Кіркевіч: «Стартаваў бюракратычны этап знішчэння помнікаў, якія нагадвалі пра нашу «несавецкую» гісторыю»
Гіпсавыя леніны і чапаевы — застаюцца ў беларускай прасторы. А вось шляхецкія сядзібы, алеі, млыны, сам ландшафт, які некалі зачароўваў Напалеона Орду, Юзафа Пешку, Яна Булгака — не. Гэтага ўсяго не будзе, бо — непатрэбнае. Чужое. «Польскае», піша Алесь Кіркевіч на Budzma.org.
Чыноўнікі ўзяліся за перагляд спісаў аб’ектаў спадчыны ў бок скарачэння. Простымі словамі: стартаваў бюракратычны этап знішчэння сотняў, калі не тысячаў помнікаў, якія нагадвалі пра нашу доўгую «несавецкую» гісторыю. Наступны этап — бульдозерны — пытанне часу.
Чаму так? Чыноўнікі вырашаюць адразу дзве задачы. Першая: выконваюць загад свайго кіраўніка пра перапісванне гісторыі Беларусі — выкінуць усё, звязанае з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Другая: без ахоўнага статусу аб’екты і зямлю пад імі можна аддаць інвестарам, якія мецьмуць развязаныя рукі: рабі, што хочаш. Гэта — грошы ў бюджэт.
Замест археолагаў — экскаватары
Сітуацыя з помнікамі гісторыі ў Беларусі і раней была катастрафічнай. Узгадайце «рэканструкцыю» цэнтру Гародні ў сярэдзіне 2000-х. Адзіны абласны цэнтр, які меў цэльную гістарычную забудову (чаму, уласна, там і здымалі кіно — была «натура»), пайшоў пад нож. Замест археолагаў працавалі экскаватары. Замест рэстаўратараў — бульдозеры...
Далей, у 2010-х, здавалася, што сітуацыя змянілася. Была праграма «Замкі Беларусі»: Мір, Нясвіж, Наваградак. Ідэя добрая, але хто быў рэалізатарам? Тыя самыя чыноўнікі, калектыўнае «нішто». Таму ў вежах замка ў Лідзе наведнікі падымаюцца па такіх самых бетонных пралётах, як у шматкватэрным доме дзе-небудзь на Каменнай Горцы.
Замак Баторыя ў Гародні быў прынесены ў ахвяру «турыстычнаму свербу» ў гады бязвізу і макееўскай адлігі. Замест гістарычнай дакладнасці — гігантаманія. Замест навукі — аб’ёмы бетону... Але нават Стары Замак у Гародні зараз выглядае вяршыняй рэстаўрацыйнага майстэрства. Маглі б і знесці. Дзякуй і за гэта!
Замест гатычнага замка — нішто
Пасля 2020-га Беларусь апанавалі іншыя турысты — з усходу. Ім хочацца, каб было «як дома». Як у Набярэжных Чалнах, Варонежы і Таржку. Тым больш калі яны купляюць нерухомасць і застаюцца каланізаваць прастору. Дык навошта іх расчароўваць? Навошта псаваць апетыт?..
Узгадайце гісторыю Кёнігсберга. Знакаміты гатычны замак Тэўтонскага ордэна быў знішчаны не ў часы Другой сусветнай, не падчас штурму і баёў за горад, а пасля. Вежу ўзарвалі ў 1953-м, а канчаткова ўсё знеслі ў 1967-м. Сталіца Усходняй Прусіі канчаткова стала «Калінінградскай вобласцю».
Так працуе расійскі каланіялізм: на новых землях трэба знішчыць сляды папярэднікаў. Каб нічога не нагадвала аб тым, што да іх тут была культура. Іншая мова, іншы стыль, іншы звычай.
Дарэчы, на месцы тэўтонскага замка ў Кёнігсбергу збудавалі пачварны Дом Саветаў. Яго так і не скончылі, таму ў 2024-м таксама знеслі. Засталася пустка. Нішто.
Замест іхнага «нішто» — нашае «Нешта»
Сёння мы не маем рычагоў уплыву на рашэнні ў Беларусі. Што застаецца? Першы варыянт: сентыментальна збіраць сведчанні таго, што было. Ствараць пра гэта кнігі, фільмы, збіраць рухомую спадчыну, як тое робіць ініцыятыва Maldzis. Гэта магчыма нават у эміграцыі. Гэта важна, каб захаваць Душу народа.
Другі варыянт: пачаць з чыстага аркуша. Адпусціць.
Прыняць як дадзенасць: Беларусі з кніг Караткевіча і Арлова больш няма. Яна памерла. Дакладней, яе забілі. Усё, што мы створым на эміграцыі ці ў Беларусі — гэта цалкам новая матэрыя. Новая Беларусь. Замест іхнага «нішто» — нашае «Нешта».
Читайте еще
Избранное