Общество

Андрэй Кудзіненка: «Ты спіш, і пачынаюць біць у дзверы. Не званіць – адразу біць і раўці»

Рэжысёр – пра «масакру», якую перажыў перад эвакуацыяй з Беларусі.

Дырэктар прыватнай школы «КінаКалайдар» Андрэй Кудзіненка быў вымушаны ўцякаць з краіны пасля ператрусаў у ягонай кватэры і офісе. Цяпер Андрэй у бяспецы за межамі Беларусі, але не раскрывае краіны і акалічнасцяў выезду, каб не нашкодзіць людзям, якія яму дапамаглі. У размове з Белсатам рэжысёр фільмаў «Акупацыя.Містэрыі» і «Масакра» падрабязна расказаў, як праходзілі ператрусы і якія прэтэнзіі былі ў сілавікоў.

Андрэй Кудзіненка. Фота: Януш Гаўрылюк

Сілавікі прыйшлі да Андрэя Кудзіненкі раніцай ў сераду, 22 ліпеня. Паводле рэжысёра, замест таго каб пазваніць у дзверы, яны адразу пачалі моцна стукаць і крычаць.

– Ты спіш, і пачынаюць біць у дзверы. Не званіць – адразу біць і раўці. Я нічога не зразумеў спрасонку. Паглядзеў у вочка, а там мне свецяць у вочы, напісана АМАП, крычаць: «Міліцыя», – расказаў ён «Белсату».

Калі Кудзіненка адчыніў дзверы, у кватэру ўварваліся восем амапаўцаў і двое супрацоўнікаў КДБ:

– Заляцелі, пасадзілі мяне, быў у трусах, надзелі кайданкі. Паўдня быў голы, пакуль не павезлі ў офіс. Не еў, не піў, – кажа ён. 

Спачатку сілавікі некалькі гадзінаў абшуквалі кватэру. Потым Кудзіненку дазволілі адзецца, зноў надзелі кайданкі і павезлі ў памяшканне кінашколы.

Паводле Кудзіненкі, у пастанове на ператрус гаварылася пра пошук «экстрэмісцкіх дакументаў» і сімволікі. Супрацоўнікі КДБ таксама распытвалі пра магчымае фінансаванне школы з-за мяжы.

Рэжысёр сцвярджае, што «КінаКалайдар» існаваў выключна за кошт аплаты навучэнцаў, афіцыйна заключаў дамовы і плаціў падаткі:

– Мы працавалі чыста, усё па-беламу. Выжывалі толькі за кошт тых, хто плаціў за навучанне. Ніякага замежнага фінансавання ў нас не было.

Сілавікі зацікавіліся, сярод іншага, спробай школы атрымаць падтрымку ад ЮНЕСКА. Аднак, паводле рэжысёра, грошай ад арганізацыі школа так і не атрымала.

– Я кажу: ЮНЕСКА ж не экстрэмісцкая арганізацыя. І грошай мы адтуль не атрымалі. Інфармацыю пра гэтую магчымасць я ўвогуле знайшоў на «Беларусьфільме», – расказвае Кудзіненка.

Падчас ператрусаў ні ў кватэры, ні ў школе забароненай сімволікі або доказаў нелегальнага фінансавання не знайшлі, сцвярджае ён. Тым не менш, паводле рэжысёра, сілавікі адразу далі зразумець, што школа больш працаваць не будзе. Яны пужалі, што яму можа пагражаць ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі:

– Яшчэ ператрус не пачалі, а ўжо суседзям расказвалі, што мы экстрэмісты. Я ім сказаў, што гэта хлусня, што мы займаемся толькі навучаннем і мастацтвам, – кажа Кудзіненка.

Рэжысёр назваў прозвішчы двух супрацоўнікаў КДБ, якія, паводле яго, удзельнічалі ў ператрусах: Лапацін і Міланаў. Кудзіненка сцвярджае, што абодва – старшыя лейтэнанты.

Кінашкола «КінаКалайдар» працавала каля трох гадоў. Спачатку Кудзіненка быў яе ініцыятарам і выкладчыкам, пазней стаў суўладальнікам. Калі ў былой дырэктаркі ўзніклі праблемы з сілавікамі, рэжысёр выкупіў яе долю, перарэгістраваў установу на сябе і стаў адзіным уласнікам і дырэктарам.

Праз дзень пасля завяршэння рэгістрацыі да яго прыйшлі сілавікі: «Адзін дзень пасвяткаваў, адзін дзень папрацаваў – і ўсё».

Падчас ператрусу, які доўжыўся каля 15 гадзін, супрацоўнікі забралі дакументы школы, якія рэжысёр толькі паспеў аформіць. Яны таксама адабралі ў яго тэлефон, пашпарт і банкаўскую картку.

Падпіскі аб нявыездзе з Кудзіненкі не бралі. Аднак, паводле яго, было відавочна, што пераслед працягнецца.

– Я вырашыў штосьці рабіць, бо яны не адчэпяцца, – патлумачыў ён сваё рашэнне пакінуць краіну.

У школе працавалі каля пяці выкладчыкаў, іх колькасць змянялася ў залежнасці ад курсаў. Там выкладалі рэжысуру, сцэнарнае і акторскае майстэрства, анімацыю, ладзілі лекцыі і кінапрактыкумы.

Асобным кірункам быў праект CHRONOTOP, які Кудзіненка развівае з 2013 года. Яго ўдзельнікі за кароткі час і амаль без бюджэту стваралі кароткаметражныя фільмы, пераважна на тэмы сучаснай міфалогіі. Кудзіненка падкрэслівае, што праект не быў палітычным.

Паводле рэжысёра, у супрацоўнікаў КДБ выклікала падазрэнне ўжо тое, што школа называла сябе незалежнай: «Галоўная прэтэнзія была такая: вось вы лічыце сябе незалежнымі. Незалежнымі ад каго? Для іх усё незалежнае адразу азначае дрэннае і экстрэмісцкае».

Сілавікі таксама пыталіся, чаму ён не звяртаецца па дазвол і фінансаванне ў Мінкультуры: «Я кажу: а хто там дае грошы? Ніхто іх не дае».

Паводле Кудзіненкі, пасля 2020 года школа старалася дзейнічаць максімальна асцярожна: пазбягала публічнасці і збірала вакол сябе вузкае кола людзей, якія хацелі вучыцца і здымаць кіно.

– Першы час людзі баяліся нават сустракацца. Потым патроху сталі размаўляць, нешта рабіць, глядзець разам кіно. Хтосьці думаў, што пройдзе пяць ці шэсць гадоў і час зменіцца, – кажа рэжысёр.

Аднак цяпер, на ягоную думку, у Беларусі нават непалітычная культурная дзейнасць успрымаецца дзяржавай як пагроза: «Займацца проста мастацтвам ужо нельга без дазволу. На ўсё трэба мець дазвол і вока назіральніка».

Паводле яго, апошнім часам праблемы ўзніклі і ў іншых недзяржаўных кінашколаў. Частка з іх закрылася, перайшла ў онлайн або адмяніла свае праграмы: «Мы ўжо заставаліся апошнімі».

Памяшканне «КінаКалайдара» пасля ператрусу не апячаталі, але сілавікі забаранілі праводзіць заняткі: «Я спытаў, ці трэба адразу ісці закрываць школу. Адказалі: «Пакуль паглядзім». Але заняткі – усё, ніякіх заняткаў».

Ён мяркуе, што ўлады знойдуць фармальную падставу для ліквідацыі ўстановы: «Я адзіны ўласнік і дырэктар. Яны цяпер нешта будуць выдумляць, нейкую справу. Адразу было сказана, што працаваць мы не будзем».

Кінашколу рэжысёр называе сваёй місіяй і прасторай, дзе людзі маглі не толькі вучыцца здымаць кіно, але і свабодна думаць: «Я тры гады займаўся толькі гэтым, траціў на гэта ўвесь час і ўсе свае грошы. Хацеў зрабіць крэатыўную тэрыторыю для мастацтва, для мыслення. Але гэта аказалася непатрэбным».

Эміграцыя – рэч Кудзіненку ўжо знаёмая. Пасля забароны фільму «Акупацыя. Містэрыі» ў 2005 годзе рэжысёр ужо быў вымушаны з’ехаць з Беларусі і амаль дзесяць гадоў жыў і працаваў у іншых краінах.

Я ведаю, што такое эмігранцкі хлеб. Ён не вельмі лёгкі. Мы ўсе там былі як самураі – гатовыя да прыходу смерці. Але заўсёды спадзяешся, што цябе пранясе, што ты зможаш прабегчы паміж гэтымі струменьчыкамі.

Андрэй Кудзіненка