У 13–14 год, калі нам робяць балюча, мы без сумневаў прымаем гэта за знакі сімпатыі, таму што ўжо вывучылі, што можна і пацярпець — дзеля мужчынскай увагі.
«А як ты раджаць будзеш?»
Калумністка піша ў сваім артыкуле для Іншых — пра тое, навошта жанчын прывучаюць цярпець боль.
Кожны раз, калі я прыходжу на прыём да гінекалагіні са скаргай на вельмі балючыя месячныя, пятнаццаць хвілін у кабінеце праходзяць паводле аднаго і таго ж сцэнарыя: УГД, кампліменты цудоўнаму стану маёй маткі, эндаметрыю і яечнікам і прапанова пачаць піць аральныя кантрацэптывы. Я злуюся.
Раней я ў поўнай меры не разумела, што канкрэтна мяне злуе. Цяпер, пасля некалькіх гадоў глыбокага паглыблення ў фемінізм, я ведаю: мяне злуе, што мой боль ігнаруецца. Яшчэ я ведаю, што гэта не прыватны выпадак: ігнараванне жаночага болю як з’явы — неад’емная частка патрыярхальнай сістэмы. І сёння я хачу пагаварыць пра гэта: як нас прывучаюць да болю і да чаго прыводзіць бясконцае «пацярпі».
Ні дня без болю
Такім чынам, боль. Боль, боль, боль — шмат болю. Боль пераследуе жанчыну ўвесь час — з самага нараджэння, робячыся неад’емнай часткай нашага жыцця. Ён спадарожнічае нам штодня, і ў выніку мы проста перастаём яго заўважаць. А я хачу нагадаць пра яго. Прабачце.
Вось мама збірае малую ў дзіцячы садок. Рытуал ранішніх прычосак, знаёмы многім, калі расчоска выдзірае валасы, а тугая рызінка іх надта моцна сцягвае. Балюча? «Пацярпі, прыгажосць патрабуе ахвяр», — скажа малой маці, якую выхоўвалі гэтак жа сама.
Калючыя калготкі і не зусім зручная (але прыгожая) кофтачка. Маміна прынцэса! А на ранішнік — пекная сукенка, якая сціскае рухі, і чаравічкі на «дзіцячым» абцасіку: «Ты ж хочаш быць самай прыгожай Сняжынкай?» Малая запомніла: яна дзяўчынка, дзяўчынка павінна быць прыгожай, а прыгажосць патрабуе ахвяр (болю).
У дзіцячым садку малую даймае хлопчык: тузае за коскі і ўвесь час задзірае. Скарга выхавацельцы, а ў адказ знаёмая шмат каму фраза: «Ты яму проста падабаешся!» Выходзіць, што боль неаддзельны ад кахання? Атрымліваецца, так, бо «хто каго любіць, той таго і чубіць».
Я, дарэчы, праўда верыла ў гэта, калі ў 11 год хлопчык, які мне падабаўся, ляснуў мяне падручнікам па галаве. І гэта даволі распаўсюджаны досвед дзяўчат-падлеткаў: нядаўна я натрапіла на скетчы блогеркі ў TikTok пра «тое самае першае каханне», калі старшакласнік, імкнучыся дабіцца ўвагі дзяўчыны, то спадніцу ёй задзярэ, то лямку станіка адцягне, то кіне ў снег. Спачатку ўсміхнулася, а потым апамяталася.
Аднойчы, гуляючы на двары, дзяўчынка разбівае каленку. Перакіс — жудасна балюча! Дзяўчынка крычыць і плача. «А як ты раджаць будзеш?» Атрымліваецца, гэты боль не важны і ўвогуле не самы страшны ў жыцці: ёсць нейкія роды (якія чамусьці павінны абавязкова адбыцца), і яны самыя балючыя ў свеце, а астатняе так, дробязь! Значыць, трываем, бо калісьці яшчэ раджаць.
Калі прыходзіць узрост першай менструацыі, дзяўчаты ўжо звыкаюць цярпець боль і не заўважаць яго, але гэты боль — новы, і спатоліць яго вельмі хочацца. Тады выяўляецца, што баліць ва ўсіх, усе трываюць — і ты трывай. Такая ўжо жаночая доля (і не забывай: табе яшчэ раджаць!).
Пі болепатольныя, якія не заўсёды дапамогуць. Не скардзіся і не смей заяўляць, што з-за месячных не можаш паўнавартасна функцыянаваць у школе, на секцыі або падпрацоўцы. Ты проста халтуршчыца.
Магчыма, праз пэўны час у твой боль усё ж павераць, а яшчэ праз гадоў сем дыягнастуюць эндаметрыёз. Нібыта перамога, але леку ўсё адно няма — проста пі аральныя кантрацэптывы, думаючы пра пабочкі.
Пракалоць вушы, выскубаць бровы, выдаляць валасы з цела (брытвай, воскам, лазерам), насіць абцасы, якія намульваюць ногі да крыві, нязручную вузкую вопратку і станік, які ўпіваецца ў скуру цвёрдымі косткамі. Але гэта ўжо звыкла.
Гэта нават не ўспрымаецца як боль. Проста бясконцае «крыху пацярпі».
Дамаганні ад выпадковых мужчын на вуліцы, плескачы па ягадзіцах ад аднакласнікаў, дзіўныя сэксуальныя практыкі з першым хлопцам, якія ён убачыў у порна, — гэта ж так сэксуальна. Так, ён звяжа цябе, пару разоў ударыць і злёгку прыдушыць. Але ты ж хочаш прынесці яму задавальненне? Так што, калі ласка, цярпі боль — але не забудзь, што ў гвалце супраць цябе будзеш вінаватая сама: «справакавала», «навошта цярпела» і «дурніца, чаму не сышла?».
Чаму пра гэта рэдка кажуць
Паступова мы перастаём заўважаць, калі нам балюча. Боль глыбока ў нас інтэрналізаваны, бо з дзяцінства прывучаюць яго цярпець і не заўважаць. Многія з нас жывуць у заўсёднай дысацыяцыі са сваім целам. І гэта не праходзіць бясследна.
Спачатку нібыта бяскрыўднае «б’е — значыць любіць» і рамантызацыя выхадак аднакласнікаў, а потым жанчыны масава не распазнаюць гвалт у дачыненні да сябе. Больш за палову апытаных жанчын у розных даследаваннях не вызначаюць тое, што з імі адбылося, як згвалтаванне: «ён не так зразумеў», «я сама не спыніла», «ну, трохі пацярпела, а яму прыемна».
Усё што заўгодна, але не прызнанне таго, што табе зрабілі балюча. Грамадства таксама наўрад ці паверыць у рэальнасць твайго болю: вы напэўна бачылі каментары пра тое, што раз ужо цябе гвалцяць, то проста расслабся і пацярпі.
Спачатку цябе проста не вызваляюць ад урока фізкультуры з-за месячных, а потым урачы сістэмна спісваюць боль жанчыны на эмацыйнасць і выпісваюць менш эфектыўныя болепатольныя.
На пастаноўку дыягназу «эндаметрыёз» ідзе ў сярэднім ад 7 да 10 гадоў, а замест якасных даследаванняў мы атрымліваем, да прыкладу, аналіз прывабнасці партнёрак з гэтым захворваннем.
Гэта яўна больш важнае даследаванне на фоне досведу мільёнаў жанчын, якім нясцерпны боль падчас менструацыі псуе жыцці (прычым часам стома ад сістэмнага ігнаравання даводзіць нават да суіцыду).
Патрыярхальнай сістэме выгадна і прывучаць нас да болю, і ігнараваць яго. Прывучаць, каб легітымізаваць гвалт супраць жанчын, а ігнараваць, каб не траціць рэсурсы на яго заспакаенне ці пазбаўленне ад яго. Бо тады давядзецца дапусціць думку пра тое, што жанчына таксама чалавек, ейны боль існуе і яна не павінна адчуваць і цярпець яго дзеля якой-небудзь мэты.
Я знаходжу асабліва страшным тое, што мы перастаём заўважаць боль. Бо проста немагчыма асэнсоўваць, што табе робяць балюча рознымі спосабамі ледзь не штодня. У выніку мы проста вучымся з гэтым жыць.
І на фоне ўсяго гэтага я ўвесь час вяртаюся да тэйка пра больш нізкі жаночы болевы парог і думаю: а якую частку той розніцы, якую мы прывыклі тлумачыць уладкаваннем нашых целаў, на самай справе фармуюць культурныя нормы і вывучаная звычка цярпець?
Быў бы жаночы болевы парог іншым, калі б ад самага дзяцінства кожная з нас не прывыкла жыць з болем як з часткай сябе? Пытанне без адказу.
Як жаночы боль манетызуюць
Шчыльна сплецены з патрыярхатам капіталізм не стамляецца зарабляць на жаночым болі. Памятаеце, малой кажуць, што прыгажосць патрабуе ахвяр? Але ж ахвяры не заканчваюцца на тугой прычосцы і калючых калготках.
Прыгажосць патрабуе ахвяр і болю штодня настолькі, што я наўрад ці моцна памылюся, калі скажу, што боль — вечны спадарожнік жаночай красы.
Пракол вушэй, дыета і трэніроўкі, якія знясільваюць, абутак на абцасе і нязручнае адзенне, нарошчванне валасоў, манікюр з педыкюрам, эпіляцыя, чыстка твару і пілінгі, уколы ботаксу і гіалуронкі, падцяжкі твару, пластыка, ліпасакцыя. Усё гэта — «прыгажосць», і ўсё гэта ў рознай ступені балюча.
А яшчэ ўсё гэта — вялізныя капіталы карпарацый і індустрыі «прыгажосці» ў цэлым. Хтосьці штосекунды зарабляе на прышчэпленых комплексах і тым, што дзеля ўяўнага пазбаўлення ад іх ты гатовая вытрываць любы боль.
Мы ўсе ведаем, што пластычныя аперацыі суправаджаюцца вельмі цяжкім аднаўленнем і што ўколы «прыгажосці» не бязбольныя. Але жанчыны не кідаюць набываць гэтыя паслугі. Чаму? Таму што прыгажосць абавязковая, а боль прывучылі цярпець. І прадаюць нам гэта праз клопат пра сябе і імкненне да прыгажосці, а за куплю чарговага ўколу можна яшчэ і атрымаць ухвалу: прыемна чуць, што ты «даглядаеш сябе», «не запускаеш сябе» і «выглядаеш маладзей за свае гады».
У існуючай сістэме нам важней абраць прыгажосць, спалучаную з болем, чым адмовіцца ад болю назаўжды.
І, вядома, няма нічога лепей, чым ператварыць боль у выбар. Неалібералізм паклапаціўся пра гэта. Так што цяпер гэта толькі твая адказнасць. Таму пацярпі, а лепей атрымай задавальненне ад чарговай працэдуры. Непрыемна? Ну і што. Ты ж памятаеш, што прыгажосць патрабуе ахвяр?
Постскрыптум
Я наўмысна пісала гэты артыкул у фармаце маналогу, каб кожнай чытачцы было максімальна проста перакласці гэта на свой досвед. Я пісала не для таго, каб зрабіць балюча ад асэнсавання маштабаў прычыненага нам болю, а каб даць зразумець, як яго шмат, як ён нармалізаваны, праігнараваны і неаднаразова выкарыстаны супраць жанчын.
У такім замоўчванні гвалту супраць нас — а прычыненне нам болю з’яўляецца гвалтам — ёсць пэўная мэта. Мэта гэтая — падтрымка патрыярхальнага парадку і бясконцыя спробы закрыць жанчынам раты, каб працягваць рабіць нам балюча. Менавіта таму так шмат агрэсіі супраць тых жанчын, якія заяўляюць пра гвалт, якія расказваюць іншым жанчынам пра прышчэплены ім боль і пра тое, што яны не мусяць гэта цярпець і працягваць маўчаць.
Таму што яны парушаюць патрыярхальны кантракт. Яны заўважылі боль і пасмелі заявіць пра тое, што не маюць намеру яго цярпець. Яны заўважылі боль і перадалі гэтыя веды іншым жанчынам. Яны заўважылі боль і запатрабавалі спыніць. Я таксама патрабую спыніць прычыняць жанчынам боль.
Хопіць.
Читайте еще
Избранное